Адносіны ЕС-Беларусь - Агляд

Еўрапейская Супольнасць прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь у снежні 1991 года. Двухбаковыя адносіны развіваліся ўстойліва. Праз удзел у праграме TACIS, праз іншыя праграмы і інструменты Беларусь атрымала значны аб'ём тэхнічнай і фінансавай дапамогі. Перамовы па пагадненні аб партнёрстве і супрацоўніцтве завяршыліся ў 1995 годзе. Аднак ні пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, ні часовае пагадненне не былі заключаныя і ратыфікаваныя. У верасні 1997 года Савет сцвердзіў у сваіх высновах, што «ЕС і яго краіны-сябры не будуць заключаць ні часовае пагадненне, ні пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з-за пагаршэння палітычнай сітуацыі ў Беларусі».

Цяпер адносіны паміж ЕС і Беларуссю рэгулююцца паслядоўнымі высновамі Савета па замежных пытаннях.

Высновы Савета ў кастрычніку 2008 года і лістападзе 2009 года прапанавалі новыя магчымасці для дыялогу і больш актыўнага супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю і ізноў пацвердзілі гатоўнасць Саюза паглыбляць адносіны з Беларуссю ў свеце прыкмет таго, што яна можа рухацца да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства права. Пры ўмове наяўнасці прагрэсу ў гэтых сферах Савет быў і ёсць гатовы зрабіць крокі для павышэння ўзроўню кантрактных адносінаў з Беларуссю.

У выніку парушэнняў выбарчых стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і захадаў, скіраваных на падаўленне грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ, ЕС не заставалася нічога іншага, як заняць жорсткую пазіцыю. Пры тым, што Савет па замежных пытаннях застаецца прыхільнікам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння, у тым ліку праз дыялог і Ўсходняе партнёрства, 31 студзеня 2011 года ён вырашыў аднавіць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі. На фоне пагаршэння сітуацыі ў Беларусі абмежавальныя меры неаднаразова ўзмацняліся на працягу года. Акрамя таго, 20 чэрвеня 2011 года Савет па замежных пытаннях вырашыў увесці эмбарга на пастаўкі ў Беларусь зброі і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны, а таксама замарозіць актывы трох кампаній, звязаных з рэжымам. Адначасова ЕС узмацніў сваё ўзаемадзеянне з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю праз умацаванне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і ахвяр рэпрэсій, праз прапанову распачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, а таксама праз дыялог з беларускім грамадствам аб рэформах, неабходных для мадэрнізацыі Беларусі, і аб звязаным з гэтым патэнцыяльным развіццём адносінаў з ЕС, а таксама магчымую падтрымку з боку ЕС.

Беларусь уключаная ў Еўрапейскую палітыку суседства, аднак на сённяшні дзень плана дзеянняў для краіны не прадугледжана.

Беларусь далучылася да Ўсходняга партнёрства ў траўні 2009 года разам з Арменіяй, Азербайджанам, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Да паляпшэння сітуацыі ў краіне Беларусь прымае ўдзел ва Ўсходнім партнёрстве толькі ў шматбаковым фармаце. Аднак у верасні 2011 года Беларусь вырашыла не ўдзельнічаць у Саміце Ўсходняга партнёрства ў Варшаве.

У лютым 2011 года Савет зацвердзіў перамоўныя мандаты Камісіі па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ЕС і Беларусі дзеля карысці ўсяго беларускага грамадства. Запрашэнне распачаць перамовы было перададзенае ў чэрвені 2011 года, але ўлады Беларусі да гэтага часу не далі адказу. Беларусь падпісала пагадненні аб малым прыгранічным руху з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Рэалізацыя пагадненняў зробіць магчымым спрошчаны бязвізавы рэжым для тых, хто жыве ў 30-50 км у абодва бакі ад мяжы.

ЕС фінансуе праекты дапамогі і супрацоўніцтва ў Беларусі ў аб'ёме каля 100 мільёнаў еўра, у тым ліку і рэгіянальныя праекты, і тэматычныя, і дзейсныя, і тыя, што ў распрацоўцы. Дзве прыярытэтныя сферы – гэта належнае кіраванне і кантакты паміж людзьмі і эканамічная мадэрнізацыя.

ЕС гатовы паляпшаць і паглыбляць свае адносіны з Беларуссю. Для ЕС Беларусь –  важны сусед, неад'емная частка еўрапейскай спадчыны і еўрапейскай супольнасці нацый. Для Беларусі Еўрапейскі Саюз – адзін з асноўных гандлёвых партнёраў і важны партнёр у галіновым і рэгіянальным развіцці. ЕС па-ранейшаму гатовы дапамагаць Беларусі ў справе дэмакратызацыі і мадэрнізацыі.

  • Палітычная аснова
  • Прававая аснова
  • Інстытуціянальная аснова