Правы чалавека
Правы чалавека, дэмакратыя і верхавенства закону з'яўляюцца асноўнымі каштоўнасцямі Еўрапейскага Саюзу.
ЕС імкнецца стварыць умовы для таго, каб усе правы чалавека - грамадзянскія, палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ці культурныя - паважаліся паўсюдна, як пазначана ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і пацверджана Сусветнай канферэнцыяй па правах чалавека 1993 г. Акрамя таго, Еўрасаюз спрыяе пашырэнню правоў жанчын, дзяцей, меншасцей, а таксама асоб з абмежаванымі здольнасцямі.
Лісабонская дамова, якая з'яўляецца прававой ды інстытуцыйнай асновай ЕС, выразна пазначае, што Саюз мусіць кіравацца наступнымі прынцыпамі: дэмакратыяй, верхавенствам закону, усеагульнасцю і непадзельнасцю правоў чалавека і асноўных свабод, павагай да чалавечай годнасці, прынцыпамі роўнасці і салідарнасці, а таксама павагай да прынцыпаў Статуту Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і міжнароднага права. Гэтыя прынцыпы падмацаваны Хартыяй ЕС па правах чалавека, якая аб'ядноўвае ўсе гэтыя правы ў адным тэксце.
Не зважаючы на тое, што ЕС мае добрую рэпутацыю ў вобласці правоў чалавека, на гэтым нельга заспакойвацца. Вядомыя выпадкі ваяўнічага расізму, ксенафобіі і іншых відаў дыскрымінацыі на падставе веравызнання, полу, узросту, недзеяздольнасці ды сексуальнай арыентацыі. ЕС асабліва заклапочаны правамі чалавека ў сферы ўцякацтва і міграцыі.
Падтрымка правоў чалавека і дэмакратыі
з'яўляецца адным з цэнтральных аспектаў
знешняй палітыкі
Еўрасаюзу. Рэалізуецца вялікая колькасць праграм і мерапрыемстваў, уключаючы:
- Перамовы па правах чалавека больш чым з 30 краінамі
- Восем асноўных прынцыпаў абароны правоў чалавека, якія з'яўляюцца прыярытэтнымі для ЕС
- Рэгулярныя публічныя заявы
- Місіі ды праекты ў гэтай вобласці
- Палітыка развіцця і аказанне падтрымкі
- Удзел у шматбаковых форумах, у прыватнасці, ААН
Цяпер падтрымка правоў чалавека і дэмакратыі заўжды бярэцца пад увагу ў працэсе прапрацоўкі і правядзення палітыкі. Напрыклад, усе пагадненні ў сферы гандлю і супрацоўніцтва ўтрымліваюць палажэнне пра тое, што правы чалавека з'яўляюцца грунтоўным элементам адносін паміж бакамі.
Апроч таго, з бюджэту ЕС праз Еўрапейскі інструмэнт у вобласці дэмакратыі і правоў чалавека ( ЕІДПЧ ) на 2007-2013 гг. выдзелена каля 1,1 млрд. еўра на пашырэнне дзейнасці мясцовых і міжнародных няўрадавых арганізацый у галіне абароны правоў чалавека ва ўсім свеце.