Да прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, аб'яўленых ЕС несвабоднымі і несправядлівымі, у адносінах ЕС і Беларусі на працягу пяці гадоў назіралася паляпшэнне, якое пачалося пасля вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі ў 2015 годзе. У той час палітыка ЕС была выкладзена ў Заключэннях Савета па Беларусі ад лютага 2016 года. Іх прыняцце прывяло да адмены большасці індывідуальных абмежавальных мер, пашырэння дыялогу па дзяржаўных пытаннях і павелічэння фінансавай дапамогі, у тым ліку праз міжнародныя фінансавыя інстытуты (ЕІБ і ЕБРР). Перамовы па Прыярытэтах партнёрства паміж ЕС і Беларуссю таксама пачаліся ў 2016 годзе і былі накіраваны на ўмацаванне двухбаковых адносін і вызначэнне стратэгічных рамак для супрацоўніцтва. Беларусь была актыўным удзельнікам шматбаковага фармату ініцыятывы "Усходняе партнёрства". Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю набылі моц 1 ліпеня 2020 года.

Аднак гэты перыяд паляпшэння адносін перапыніўся з-за рэзкага пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права ў Беларусі да, падчас і пасля выбараў жніўня 2020 года. Двухбаковыя адносіны яшчэ больш пагоршыліся пасля прымусовай пасадкі грамадзянскага самалёта для затрымання ў Мінску 23 мая 2021 года Рамана Пратасевіча і яго партнёра Соф'і Сапегі. Выкарыстанне беларускім рэжымам мігрантаў і бежанцаў у якасці інструмента і гуманітарны крызіс, які ён стварыў на знешніх межах ЕС з мэтай дэстабілізаваць сітуацыю з бяспекай у рэгіёне і адцягнуць увагу ад парушэнняў правоў чалавека, якія пастаянна ўзмацняюцца, яшчэ больш садзейнічалі пагаршэнню адносін ЕС і Беларусі.

У выніку фальсіфікацыі выбараў і масавых рэпрэсій супраць мірных пратэстуючых, грамадзянскай супольнасці і СМІ, якія распачаліся пасля іх, Савет ЕС па замежных справах 12 кастрычніка 2020 года прыняў новыя Заключэнні па Беларусі, якія вызначаюць палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі. Быў праведзены паглыблены перагляд адносінаў паміж ЕС і Беларуссю ў адпаведнасці з гэтымі Заключэннямі, і фінансавая дапамога Беларусі была адпаведным чынам перафарматаваная і накіраваная ў абыход уладаў да беларускага грамадства. З таго часу ЕС паступова ўводзіць абмежавальныя меры супраць Беларусі. Цяпер у адносінах да 235 фізічных і 34 юрыдычных асоб прымяняюцца абмежавальныя меры у рамках адпаведнага санкцыйнага рэжыму, які ўключае ў сябе замарожванне актываў і забарону на паездкі для фізічных асоб. ЕС таксама ўвёў адрасныя эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму, якія ўключаюць гандаль некаторымі таварамі і доступ да рынкаў капіталу. Каб павысіць эфектыўнасць і ўплыў санкцый, ЕС дзейнічаў сумесна са сваімі партнёрамі-аднадумцамі, якія прынялі аналагічныя меры. ЕС неаднаразова падкрэсліваў паэтапнасць свайго падыходу да санкцый; ЕС гатовы разгледзець магчымасць увядзення дадатковых санкцый, калі сітуацыя ў Беларусі працягне пагаршацца. Аднак санкцыі ЕС абарачальныя і могуць быць адменены пры ўмове, што беларускія ўлады спыняць цяперашнія рэпрэсіі, вызваляць і рэабілітуюць усіх палітычных зняволеных і ўступяць у сапраўдны, інклюзіўны нацыянальны дыялог з шырокай грамадскасцю.

У дадатак да абмежавальных мер, уведзеных у сувязі са ўнутранай сітуацыяй у Беларусі, ЕС увёў таксама меры супраць Расіі і Беларусі ў звязку з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. 24 лютага 2022 года прэзідэнт Расійскай Федэрацыі абвясціў аб ваеннай аперацыі ва Украіне, і расейскія ўзброеныя сілы пачалі напад на Украіну. ЕС рашуча асудзіў несправакаванае ўварванне ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі ва Украіну і ўдзел беларускага рэжыму ў гэтай агрэсіі супраць Украіны. У сувязі з сур'ёзнасцю гэтай сітуацыі ЕС вырашыў увесці шэраг санкцый супраць расійскіх агрэсараў, а таксама супраць беларускага рэжыму.

Палітычныя адносіны

Агульная сітуацыя з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права ў Беларусі значна пагоршылася напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, якія ЕС не прызнае ні свабоднымі, ні справядлівымі. У кантэксце жорсткіх рэпрэсій супраць мірных пратэстуючых, якія пачаліся пасля фальсіфікаваных выбараў жніўня 2021 года, 12 кастрычніка 2020 года Савет ЕС па замежных справах прыняў новыя Заключэнні па Беларусі. У адпаведнасці з гэтымі Заключэннямі, ЕС скараціў двухбаковае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі на цэнтральным узроўні, павялічыў сваю падтрымку беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці і перафарматаваў сваю двухбаковую фінансавую дапамогу, накіраваўшы яе ў максімальнай ступені ў абыход цэнтральных уладаў да недзяржаўных, мясцовых і рэгіянальных суб'ектаў, у тым ліку праз праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. ЕС неадкладна прадаставіў дадатковыя фінансавыя рэсурсы ахвярам гвалту, арганізацыям грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ пасля выбараў 2020 года.

У Заключэннях таксама выразна падкрэсліваюцца ўмовы, пры якіх ЕС гатовы зноў істотна актывізаваць палітычнае ўзаемадзеянне, галіновае супрацоўніцтва і фінансавую дапамогу Беларусі. Такое паляпшэнне адносін магчыма пры выкананні беларускімі ўладамі прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека і:

a) спыненні ўсіх рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека асоб, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху, незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці;

б) вызваленні, рэабілітацыі і выплаце фінансавай кампенсацыі палітычным зняволеным;

в) стварэнні бяспечных умоў для вяртання асоб, якія знаходзяцца ў палітычным і прымусовым выгнанні;

д) ажыццяўленні сур'ёзнага, вартага даверу і інклюзіўнага палітычнага працэсу, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ;

е) забеспячэнні гарантый павагі правоў чалавека, у тым ліку свабоды перакананняў і выказвання, інфармацыі, сходу і асацыяцыі, а таксама свабоду сродкаў масавай інфармацыі.

З прычыны фальсіфікацыі выбараў і масавых рэпрэсій у дачыненні да мірных пратэстуючых, грамадзянскай супольнасці і СМІ ЕС паступова ўводзіў абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі. 2 кастрычніка 2020 года да існуючага спісу суб'ектаў, у дачыненні да якіх уведзены абмежавальныя меры, былі дададзены 40 чалавек, прызнаныя вінаватымі ў рэпрэсіях і запалохванні мірных пратэстуючых, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а таксама ў парушэнні патрабаванняў выбарчага працэсу. Акрамя таго, 6 лістапада 2020 года Савет дадаў у спіс 15 прадстаўнікоў беларускіх уладаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку, а таксама яго сына і саветніка па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнку. Па меры таго, як сітуацыя з правамі чалавека і вяршэнствам права працягвалі пагаршацца, у санкцыйны спіс былі дададзены яшчэ 36 суб'ектаў, у тым ліку 7 арганізацый, якія падтрымліваюць рэжым і атрымліваюць ад яго выгаду.

21 чэрвеня 2021 года ў сувязі з эскалацыяй сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, а таксама прымусовай і незаконнай пасадкай 23 мая 2021 года авіярэйса Ryanair у Мінску Савет увёў абмежавальныя меры ў адносінах да 78 беларускіх фізічных і 8 юрыдычных асоб. 24 чэрвеня таксама былі ўведзены новыя адрасныя эканамічныя меры, якія распаўсюджваюцца ў тым ліку на гандаль некаторымі таварамі і доступ да рынкаў капіталу.

У адплату Беларусь прапанавала кіраўніку Прадстаўніцтва ЕС пакінуць краіну для кансультацый у Бруселі (пасля ён пакінуў Беларусь 1 ліпеня 2021 года і застаецца ў Бруселі цяпер), аб'явіла аб выхадзе з Усходняга партнёрства і прыпыненні дзеяння Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС.

Цягам лета 2021 года Літва, Польшча і Латвія сталі сведкамі беспрэцэдэнтнага росту колькасці незаконных перасячэнняў мяжы з Беларусі. Ёсць сведчанні таго, што ўлады Беларусі заахвочваюць незаконнае перасячэнне мяжы ў ЕС асобамі, якія не з'яўляюцца грамадзянамі ЕС, у палітычных мэтах. ЕС і ягоныя дзяржавы-члены рашуча асудзілі інструменталізацыю мігрантаў і бежанцаў беларускім рэжымам. У дэкларацыі ад 30 ліпеня 2021 года і 10 лістапада 2021 года яны падкрэслілі, што выкарыстанне людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, для дасягнення палітычных мэт парушае фундаментальныя еўрапейскія каштоўнасці і прынцыпы.

15 лістапада ЕС унёс папраўкі ў свой рэжым санкцый і пашырыў крытэрыі ўключэння ў санкцыйны спіс, каб мець магчымасць уздзейнічаць на фізічных і юрыдычных асоб, якія арганізуюць дзейнасць па спрыянні незаконнаму перасячэнню знешніх межаў ЕС альбо садзейнічаюць такім дзеянням. 2 снежня 2021 года ЕС прыняў пяты пакет санкцый у сувязі з працягам парушэнняў правоў чалавека і інструменталізацыяй мігрантаў. Абмежавальныя меры былі накладзены яшчэ на 17 фізічных і 11 юрыдычных асоб з прыцэлам на вядомых прадстаўнікоў судовай улады і прапагандысцкіх арганізацый, якія спрыяюць працягу рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі, незалежных СМІ і журналістаў, а таксама высокапастаўленых палітычных чыноўнікаў і кампаніі, якія дапамагалі правакаваць і арганізоўваць незаконнае перасячэнне мяжы ў палітычных мэтах.

Акрамя таго, ЕС прапанаваў новы інструмент, які прадухіляе і абмяжоўвае дзейнасць транспартных аператараў, якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе альбо гандлі людзьмі ў напрамку ЕС альбо садзейнічаюць ім. Новая прававая база дазволіць ЕС прымаць адрасныя меры супраць транспартных аператараў любога віду транспарту (наземнага, паветранага, унутранага воднага і марскога), якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе альбо гандлі людзьмі ў напрамку ЕС альбо садзейнічаюць ім.

У агульнай колькасці 42 беларускіх чыноўніка (супрацоўнікі міністэрства абароны, ваенныя і мясцовыя чыноўнікі) былі ўнесены ў санкцыйны спіс 25 лютага і 2 сакавіка ў сувязі з дзеяннямі, якія падрываюць альбо ставяць пад пагрозу тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны. 2 сакавіка 2022 года ў адносінах да Беларусі Савет увёў дадатковыя абмежаванні на гандаль таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці тытунёвых вырабаў, на гандаль мінеральнай сыравінай, каліем, вырабамі з дрэва, цэментнымі вырабамі, прадукцыяй з жалеза і сталі і гумовымі вырабамі. Новай мерай таксама быў забаронены экспарт у Беларусь для выкарыстання ў Беларусі тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, экспарт тавараў і тэхналогій, якія могуць садзейнічаць развіццю Беларусі ў ваеннай, тэхналагічнай, абароннай сферы і ў сферы бяспекі, і экспарт абсталявання, а таксама ўведзены абмежаванні на прадастаўленне спадарожных паслуг.

9 сакавіка 2022 года ЕС прыняў дадатковыя меры, скіраваныя супраць беларускага фінансавага сектару. Меры забараняюць шэраг фінансавых узаемадзеянняў і аперацый з Беларуссю.

У святле агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны 8 красавіка была ўведзена забарона на любыя расійскія і беларускія аўтамабільныя перавозки, якая не дазваляе перавозіць тавары аўтамабільным транспартам у межах ЕС, у тым ліку транзітам. Тым не менш, прадугледжваюцца выключэнні для шэрагу прадуктаў, такіх як фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя і харчовыя тавары, уключаючы пшаніцу, а таксама для аўтамабільнага транспарту ў гуманітарных мэтах.

На сённяшні дзень ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да 235 фізічных і 34 юрыдычных асоб. Каб павысіць эфектыўнасць і ўплыў санкцый, ЕС дзейнічаў сумесна са сваімі партнёрамі-аднадумцамі, якія прынялі аналагічныя меры. У адпаведнасці са сваім паэтапным падыходам ЕС гатовы прыняць далейшыя абмежавальныя меры.

Еўрапейскі саюз заўжды вельмі сур'ёзна ставіўся да сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. ЕС доўгі час заклікаў Беларусь прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў што да павагі асноўных свабод, у прыватнасці свабоды сходаў і асацыяцый, а таксама свабоды слова і СМІ. Беларусь таксама з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротная кара. Еўрапейскі саюз займае адназначную пазіцыю ў дачыненні да смяротнага пакарання, якое парушае права на жыццё і з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажальным годнасць пакараннем. Варта змякчыць пазасталыя смяротныя прысуды і ўвесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання ў якасці першага кроку да яго адмены.

ЕС неаднаразова ўзнімаў пытанні правоў чалавека, у тым ліку смяротнага пакарання, перад беларускімі ўладамі. З 2015 года кожны год праходзіў Дыялог па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю з удзелам беларускай грамадзянскай супольнасці. Дыялог праходзіць штогод з 2015 года, апошняе пасяджэнне адбылося ў чэрвені 2019 года. ЕС быў гатовы да далейшага дыялогу; аднак ён застаецца прыпыненым з прычыны адмовы беларускіх уладаў працягваць такі дыялог.

Беларусь удзельнічала ў шматбаковых фарматах Усходняга партнёрства. У адпаведнасці з Заключэннямі Савета ад кастрычніка 2020 года, ЕС прыняў рашэнне падтрымліваць супрацу з Беларуссю ў шматбаковых рамках Усходняга партнёрства на непалітычным узроўні і актывізаваць супрацу з ключавымі беларускімі недзяржаўнымі суб'ектамі. 28 чэрвеня 2021 года ўлады Беларусі прынялі аднабаковае рашэнне аб згортванні свайго ўдзелу ва Усходнім партнёрстве. Нягледзячы на ​​гэтае рашэнне ЕС працягвае працаваць з беларускім народам для ўмацавання сувязей, развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва і вырашэння агульных праблем. У гэтым кантэксце і напярэдадні Шостага саміту Усходняга партнёрства, які адбыўся ў Бруселі 15 снежня 2021 года, Высокі прадстаўнік ЕС Барэль правёў сустрэчу з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, каб пацвердзіць прыхільнасць ЕС адносінам з народам Беларусі. У сустрэчы таксама прыняў удзел Прэзідэнт Еўрапейскай рады Мішэль.

Перамовы па Прыярытэтах партнёрства паміж ЕС і Беларуссю пачаліся ў 2016 годзе, цяпер яны прыпынены. Каардынацыйная група ЕС-Беларусь была створана ў 2016 годзе як форум для палітычнага дыялогу на ўзроўні высокапастаўленых службовых асоб з удзелам грамадзянскай супольнасці. Пасля перагляду адносін паміж ЕС і Беларуссю, праведзенага пасля фальсіфікаваных выбараў 2020 года, пасяджэнні Каардынацыйнай групы таксама прыпынены да далейшых апавяшчэнняў.

Фінансавае супрацоўніцтва

Да 2020 года ЕС быў найбуйнейшым донарам грантаў у Беларусі. З 2016 па 2020 год фінансавыя асігнаванні ЕС для Беларусі склалі 30 мільёнаў еўра за год, накіраваныя на адчувальнае і бачнае паляпшэнне якасці жыцця беларускіх грамадзян. Гэтая падтрымка фінансавалася Еўрапейскім інструментам суседства (ENI) на перыяд 2014-2020 гг.

11 снежня 2020 года Еўрапейская камісія зацвердзіла пакет дапамогі ў памеры 24 млн еўра, накіраваны непасрэдна на карысць беларускаму народу, у прыватнасці грамадзянскай супольнасці, моладзі і малым і сярэднім прадпрыемствам (МСП), а таксама на паляпшэнне магчымасцей аховы здароўя. Праграма дапоўніла экстраную дапамогу ЕС у памеры 3,7 млн ​​еўра, якая была неадкладна прадастаўлена ахвярам рэпрэсій і незалежным СМІ пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Таксама была аказана дадатковая падтрымка для аблягчэння доступу МСП да фінансавання на суму 6 млн еўра.

12 снежня 2021 года Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен аб'явіла, што ЕС мабілізуе дадаткова 30 мільёнаў еўра для ўзмацнення сваёй падтрымкі народу Беларусі, а таксама дапаўнення і пашырэння ўжо існуючай дапамогі ЕС моладзі, незалежным СМІ, малым і сярэднім прадпрыемствам у выгнанні і сферы культуры. У выніку агульная дапамога, якую ЕС аказвае народу Беларусі са жніўня 2020 года, наблізіцца да 65 мільёнаў еўра. Як толькі Беларусь ступіць на шлях пераходу да дэмакратыі, ЕС будзе гатовы пачаць рэалізацыю ўсёабдымнага плану эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму 3 млрд еўра, каб дапамагчы стабілізаваць яе эканоміку, вызваліць патэнцыял росту і стварыць працоўныя месцы.

Дадатковую інфармацыю аб фінансавым супрацоўніцтве можна знайсці на старонцы Беларусі Генеральнага дырэктарата па палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні (DG NEAR)

Мабільнасць і кантакты паміж Еўрапейскім саюзам і грамадзянамі Беларусі

ЕС адданы ўмацаванню ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю, і ў апошнія гады ён павялічыў падтрымку Беларусі ў сферы адукацыі, мабільнасці, працы з моладдзю і спрашчэння кантактаў паміж людзьмі.

1 ліпеня 2020 года набылі моц Пагадненні паміж ЕС і Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, што адкрыла шлях для павышэння мабільнасці грамадзян, паспрыяла ўмацаванню сувязей паміж людзьмі паміж ЕС і яго суседзямі па Усходнім партнёрстве і спрасціла хуткае вяртанне нерэгулярных мігрантаў.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму спрасціла для беларускіх грамадзян атрыманне віз для ўезду ў Еўрапейскі саюз. Для ўсіх грамадзян Беларусі незалежна ад мэты паездкі і тыпу пашпарта візавы збор быў зніжаны да 35 еўра, плата за абслугоўванне была зменшана да 30 еўра, а максімальны тэрмін для прыняцця консульствамі рашэння аб выдачы візы быў скарочаны да 10 дзён. Акрамя таго, для некаторых катэгорый падарожнікаў, такіх як бізнесмены, журналісты, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці, члены афіцыйных дэлегацый і некаторыя іншыя, збор за візу быў поўнасцю адменены, быў скарочаны спіс дакументаў, якія патрабуюцца ў якасці доказу мэты паездкі, і ў іх з'явілася магчымасць. звяртацца па шматразовыя візы на больш працяглы тэрмін (да 5 гадоў).

Пагадненне аб рэадмісіі ўсталёўвала на аснове ўзаемнасці працэдуры бяспечнага і ўпарадкаванага вяртання асоб, якія нерэгулярна пражываюць у ЕС альбо Беларусі, пры поўным выкананні іх правоў у адпаведнасці з міжнародным правам. 28 чэрвеня 2021 года беларускія ўлады прынялі аднабаковае рашэнне аб прыпыненні дзеяння гэтага пагаднення, а 4 кастрычніка парламент прыняў закон аб прыпыненні дзеяння пагаднення аб рэадмісіі.

У святле спроб рэжыму Лукашэнкі дэстабілізаваць ЕС і яго дзяржавы-члены шляхам садзейнічання нелегальнай міграцыі ў палітычных мэтах, а таксама яго рашэння прыпыніць дзеянне Пагаднення аб рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю Савет Еўрапейскага саюза прыняў 9 лістапада 2021 года рашэнне аб частковым прыпыненні дзеяння пагаднення аб спрашчэнні ЕС рэжыму паміж ЕС і Беларуссю. Прыпыненне тычыцца палажэнняў, якія адмяняюць патрабаванні аб дакументальным пацвярджэнні, рэгулююць выдачу шматразовых віз і зніжаюць велічыню збораў за падачу заявак на атрыманне візы ў дачыненні да службовых асоб рэжыму Беларусі. Гэтае рашэнне не паўплывае на звычайных грамадзян Беларусі, якія па-ранейшаму будуць карыстацца тымі ж ільготамі згодна з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму, што і зараз.

Маладыя беларусы таксама працягваюць карыстацца магчымасцямі ў сферы адукацыі, падрыхтоўкі і моладзевых абменаў у межах праграм Erasmus+ і EU4Youth і Еўрапейскай школы Ўсходняга партнёрства ў Грузіі.

Гандлёвыя адносіны

Да таго спаду, які перажываюць двухбаковыя адносіны сёння, Еўрапейскі саюз быў другім асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. На долю ЕС прыпадала амаль адна пятая ад агульнага аб'ёму гандлю краіны. Аб'ём двухбаковага гандлю таварамі паміж ЕС і Беларуссю вырас да амаль 12,9 млрд еўра ў 2020 г. У беларускім экспарце ў ЕС дамінавалі выкапневыя віды паліва, драўніна і некаштоўныя металы, у той час як ЕС у асноўным экспартуе ў Беларусь абсталяванне, транспартныя сродкі і хімікаты. Аднак пасля неабгрунтаванага і нічым не справакаванага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ЕС увёў далейшыя санкцыі супраць Беларусі, якія ўключаюць забарону на ўвоз у ЕС калію, мінеральнага паліва і маслаў, драўніны, жалеза і сталі, цэменту і гумовых шын; і экспарт у Беларусь тавараў падвойнага прызначэння (за некаторымі абмежаванымі выключэннямі), некаторых відаў абсталявання і асобных прадметаў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці тытунёвых вырабаў. Падрабязную інфармацыю пра санкцый можна знайсці тут.

У мінулым ЕС і Беларусь наладзілі афіцыйны Гандлёвы дыялог, які праводзіўся два разы на год да палітычнага і гуманітарнага крызісу, які распачаўся пасля фальсіфікаваных выбараў 2020 г., з мэтай рэгулярнага абмену інфармацыяй, у тым ліку па ўнутраных нормах і іншых гандлёвых пытаннях. Таксама ЕС раней падтрымліваў Беларусь у працэсе ўступлення ў СГА, у тым ліку ў частцы патрабаванняў па правядзенні ўнутраных рэформ, якія садзейнічалі б стварэнню ў краіне больш прадказальнага і стабільнага дзелавога асяроддзя, што з'яўляецца неабходнай умовай для прыцягнення інвестараў і дыверсіфікацыі беларускай эканомікі. У гэтым кантэксце Еўрапейскі саюз аказваў тэхнічную дапамогу для садзейнічання гэтаму працэсу праз твінінг-інструмент TAIEX. Аднак у святле неабгрунтаванай і нічым не справакаванай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны 24 лютага 2022 года і саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў гэтым уварванні многія члены СГА, у тым ліку ЕС, прынялі рашэнне спыніць любы далейшы разгляд заяўкі Беларусі на ўступленне.

У апошнія гады крэдытны мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) распаўсюдзіўся на Беларусь, а фінансавая дзейнасць Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у Беларусі таксама была пашырана. З 2016 года і да палітычнага і гуманітарнага крызісу 2020 г. ЕІБ выдаткаваў 530 мільёнаў еўра на падтрымку прыватнага сектара, малых і сярэдніх прадпрыемстваў, ключавых інфраструктурных і кліматычных праектаў. Аднак у сувязі з пераглядам адносін ЕС з Беларуссю Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) таксама перагледзеў свае аперацыі ў Беларусі. Дзяржавы-члены ЕС узгаднілі свае пазіцыі адпаведным чынам і ў Савеце дырэктараў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). ЕС гатовы да значнага пашырэння аперацый ЕІБ і ЕБРР.

Устойлівае развіццё і зялёны рост

 

Да пагаршэння крызісу ў сферы палітыкі і правоў чалавека ў 2020 годзе на штогадовай аснове праводзіліся галіновыя дыялогі па эканамічных і фінансавых пытаннях, а таксама па пытаннях навакольнага асяроддзя і клімату. ЕС актывізаваў рэалізацыю шэрагу мер, якія б стымулявалі адносіны паміж ЕС і Беларуссю ў некалькіх галінах, звязаных з эканомікай, гандлем і энергетыкай. Праграма "Стымуляванне развіцця прыватнай ініцыятывы ў Беларусі" (SPRING) накіравана на падтрымку прыватных эканамічных ініцыятыў на месцах у мэтах развіцця прыватнага сектара, стымулявання намаганняў па стварэнні працоўных месцаў і садзейнічанні эканамічнаму росту ў Беларусі. ЕС таксама гатовы падтрымліваць шырокамаштабную праграму дзелавога кансультавання, якая рэалізуецца ЕБРР, і праект, які стымулюе распрацоўку стратэгій садзейнічання занятасці і экасістэм для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу і прадпрымальніцтва на мясцовым узроўні, якія рэалізуюцца ПРААН, калі з'явяцца ўмовы для прадастаўлення такой падтрымкі.

Іншыя ініцыятывы ЕС, такія як Пагадненне мэраў Усход – Этап II і Мэры за эканамічны рост, прапаноўвалі грантавую падтрымку мясцовым органам улады, якія найбольш актыўна ўдзельнічалі ў прыняцці пілотных мер па павышэнні энергаэфектыўнасці і стварэнні працоўных месцаў, што ўзмацняла ролю мясцовых органаў улады ў эканамічным развіцці.

19 чэрвеня 2017 года Беларусь далучылася да Усходнееўрапейскага партнёрства па энергаэфектыўнасці і навакольным асяроддзі (E5P). Гэты Мэтавы фонд, які кіруецца ЕБРР, падтрымлівае крэдытаванне праектаў муніцыпальнага сектара па пытаннях энергаэфектыўнасці і навакольнага асяроддзя ва ўсіх краінах Усходняга партнёрства.

Беларусь мела адны з найлепшых паказчыкаў сярод краін Усходняга партнёрства ў рамках праграмы Horizon 2020 у галіне даследаванняў і інавацый. У рамках Рабочай праграмы Horizon 2020 на перыяд з 2018 да 2020 гг. амаль 200 млн еўра былі выдзелены на шэраг ініцыятыў, накіраваных на павелічэнне энергаэфектыўнасці і рэсурсаэфектыўнасці ў перапрацоўчай прамысловасці (SPIRE) з асаблівым геаграфічным акцэнтам на краінах Усходняга партнёрства. Аднак удзел Беларусі ў гэтай праграме быў перагледжаны ў кантэксце пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека пасля выбараў у жніўні 2020 года. З гэтай жа прычыны прыпынены ўдзел Беларусі ў новай праграме ЕС Horizon Europe.

Захаванне найвышэйшых стандартаў у сферы ядзернай бяспекі з'яўляецца ключавым прыярытэтам для ЕС. У 2018 годзе Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG) правяла партнёрскую праверку справаздачы Беларусі аб стрэс-тэстах Астравецкай атамнай электрастанцыі. Эксперты ENSREG у правялі партнёрскую праверку плана дзеянняў Беларусі па выкананні рэкамендацыі стрэс-тэстаў у сферы ядзернай бяспекі і ўхваліла яе справаздачу ў лістападзе 2021 года. Аднак у выніку саўдзелу Беларусі ва ўварванні Расеі ва Украіну ENSREG вырашыла прыпыніць удзел Беларусі ў сваёй дзейнасці да далейшых апавяшчэнняў. ЕС аказваў тэхнічную дапамогу беларускаму рэгулюючаму органу ў сферы атамнай энергетыкі (Дзяржатамнагляд) з 2013 года, выкарыстоўваючы Інструмент па супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі (INSC), на дадзены момант вылучана больш за 11 мільёнаў еўра. Гэта супрацоўніцтва лічылася важным для дапамогі Беларусі ў сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, уведзенай у эксплуатацыю ў канцы 2020 года. У выніку саўдзелу Беларусі ва ўварванні Расеі ва Украіну гэтае супрацоўніцтва было прыпынена да далейшых апавяшчэнняў 24 лютага 2022 года.

ЕС гатовы падтрымаць мірны пераход да дэмакратыі ў Беларусі

Як указана ў Заключэннях Савета ад 12 кастрычніка, ЕС будзе гатовы падтрымаць Беларусь, калі такі пераход адбудзецца, па запыце беларускага ўрада. ЕС будзе выкарыстоўваць розныя інструменты ў адпаведнасці з палітыкай Усходняга партнёрства. Сярод іншага, будуць разглядацца наступныя магчымасці:

а) Пачатак перамоў па рамачным пагадненні паміж ЕС і Беларуссю;

б) Умацаванне галіновага супрацоўніцтва і пашырэнне ўдзелу ў праграмах ЕС і супрацоўніцтва з ведамствамі ЕС.

в) Запуск комплекснага плану эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, які ўключае:

  • Істотную фінансавую і тэхнічную дапамогу для інстытуцыйных рэформ і эканамічнага развіцця, прадугледжаную ў шматгадовай рамачнай фінансавай праграме;
  • Аднаўленне перамоў аб далейшых рэформах, неабходных для прадастаўлення макрафінансавай дапамогі з боку ЕС;
  • Істотнае пашырэнне дзейнасці ЕІБ і ЕБРР.

ЕС таксама аказваў бы Беларусі далейшую падтрымку ў працэсе ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.