Заява Прадстаўніцтва ЕС пры Пастаянным Савеце АБСЕ наконт палітычных рэпрэсій і пакарання смерцю ў Беларусі

  1. Еўрапейскі саюз самым рашучым чынам асуджае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, а таксама саўдзел беларускага рэжыму ў гэтай агрэсіі шляхам прадастаўлення сваёй тэрыторыі і інфраструктуры, што з'яўляецца абуральным парушэннем Статута ААН, міжнароднага права, у тым ліку Рэзалюцыі № 3314 Генеральнай Асамблеі ААН і прынцыпаў і абавязацельстваў у рамках АБСЕ. Мы шкадуем, што ўнутраныя рэпрэсіі супраць правоў чалавека і фундаментальных свабод у Беларусі, якія працягваюцца, з'яўляюцца адлюстраваннем актаў знешняй агрэсіі і акалічнасцю, якая стварае для іх глебу. Мы зноў заяўляем, што абавязацельствы ў галіне чалавечага вымярэння з'яўляюцца прадметам непасрэднай і законнай заклапочанасці ўсіх дзяржаў-удзельніц і не адносяцца выключна да ўнутраных спраў адпаведнай дзяржавы.
  2. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і беспрэцэдэнтных рэпрэсій, якія распачаліся пасля іх, наша вера ў гатоўнасць Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў рамках АБСЕ сур'ёзна пахіснулася. Цяпер, улічваючы яе ролю ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, Беларусь аказалася ў яшчэ большай ізаляцыі ў больш шырокім міжнародным кантэксце, сутыкнуўшыся з узмоцненымі санкцыямі і асуджэннем.
  3. У той жа час зразумела, што беларускі народ не хоча быць звязаным з гэтай незаконнай агрэсіўнай вайной і гнюснымі злачынствамі, учыненымі ва Украіне. ЕС дзякуе мужнаму народу Беларусі за тое, што ён не захоўвае маўчанне і не застаецца абыякавым, як бы рызыкоўна гэта ні было.
  4. ЕС выказвае шкадаванне ў сувязі з далейшым узмацненнем палітычных рэпрэсій з боку рэжыму ў Мінску, у тым ліку шляхам пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання да расплывістай катэгорыі «замахаў на тэрарыстычную дзейнасць» – вартага шкадавання кроку, які ідзе ўразрэз з сусветнай тэндэнцыяй адмовы ад смяротнага пакарання. Змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі і іншае заканадаўства аб смяротным пакаранні — гэта не пытанне справядлівасці ці ўдасканалення заканадаўства рэжымам, а ўзмоцнены інструмент палітычных рэпрэсій у адносінах да праціўнікаў Лукашэнкі і беларускага народа, якія адважыліся пратэставаць супраць рэжыму ці супраць вайны ва Украіне. Сапраўдная мэта гэтага праекта зман – далейшае ўзмацненне рэпрэсій супраць тых, хто абараняе дэмакратыю, асуджае падтрымку беларускім рэжымам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны і патрабуе, каб іх галасы былі пачутыя, а іх правы і свабоды захаваны.
  5. Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», на 12 мая 2022 года ў Беларусі было 1187 палітвязняў. Многім палітвязням (не менш за 36) прад'яўлены абвінавачанні ў «тэрарызме» ці ўжо прысуджаны працяглыя тэрміны турэмнага зняволення па такіх абвінавачаннях. Шмат якія прадстаўнікі дэмакратычных сіл і палітычныя актывісты абвешчаныя ў вышук па абвінавачваннях у «тэрарызме». Многія з абвінавачаных паўстаюць перад судом на таемных, несправядлівых і прадузятых судовых працэсах, часта па сфабрыкаваных абвінавачаннях і без якіх-небудзь прававых гарантый. Многія палітычныя зняволеныя падвяргаюцца катаванням і іншым формам жорсткага, бесчалавечнага альбо прыніжальнага для годнасці абыходжання і пакарання. Цяпер любы, хто супрацьстаіць рэжыму, таксама рызыкуе быць абвінавачаным у замаху на тэрарызм, прыгавораным да смяротнага пакарання і таемна пакараным смерцю.
  6. ЕС таксама надзвычай занепакоены планамі беларускіх уладаў прыняць асобны закон аб грамадзянскай супольнасці для ўзмацнення жорсткасці заканадаўчага кантролю і нядаўняй атакай на незалежныя прафсаюзы.
  7. ЕС зноў заклікае Мінск неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных і спыніць парушэнне правоў чалавека і фундаментальных свабод беларускага народа, у тым ліку шляхам неадкладнага спынення шырокамаштабнага нападу на незалежныя СМІ, журналістаў і іншых прадстаўнікоў СМІ ў Беларусі. Мы зноў заяўляем, што адзіны спосаб пакласці канец палітычнаму крызісу ў Беларусі – гэта інклюзіўны нацыянальны дыялог і палітычны працэс, вынікам якога стануць свабодныя і сумленныя выбары пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ. У гэтым кантэксце мы яшчэ раз заклікаем Беларусь неадкладна выканаць рэкамендацыі даклада ў рамках Маскоўскага механізму.
  8. ЕС поўны рашучасці зрабіць так, каб усе вінаватыя ў палітычных рэпрэсіях у Беларусі паўсталі перад правасуддзем. Мы пацвярджаем сваю падтрымку Міжнароднай платформе для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці. Мы не пашкадуем намаганняў для таго, каб вінаватыя ў садзейнічанні агрэсіўнай вайне Расіі таксама былі прыцягнуты да адказнасці. Пакеты санкцый будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль не будуць ліквідаваны падставы для іх увядзення, і мы па-ранейшаму адданыя разгляду магчымасці ўвядзення далейшых санкцый у адпаведнасці з пакрокавым падыходам, прынятым Саветам 12 кастрычніка 2020 года.
  9. ЕС глыбока шкадуе аб тым, што рэжым у Мінску працягвае сваю гібрыдную атаку супраць ЕС і яго дзяржаў-членаў, выкарыстоўваючы незаконную міграцыю ў якасці інструмента. Мы патрабуем неадкладнага і поўнага спынення гэтай практыкі. Мы нагадваем Беларусі пра яе міжнародныя абавязацельствы, звязаныя з мяжой, і абавязацельствы ў рамках АБСЕ і заклікаем Мінск выконваць іх у адпаведнасці з іх літарай і духам.
  10. ЕС таксама заклікае Беларусь спыніць садзейнічанне агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і ўкраінскага народа, выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і забяспечыць поўную празрыстасць ваеннай актыўнасці на сваёй тэрыторыі.
  11. ЕС працягне сваю падтрымку дэмакратычных сіл у краіне і пабудове свабоднай, незалежнай і квітнеючай Беларусі. Галасы і воля народа Беларусі не будуць заглушаны.

Краіны-кандыдаты на ўступленне ў ЕС Рэспубліка Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія, краіна Працэсу стабілізацыі і асацыяцыі і патэнцыйны кандыдат Боснія і Герцагавіна, а таксама краіны Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (EAFT) Ісландыя і Ліхтэнштэйн, краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны, а таксама Украіна і Сан-Марына далучаюцца да гэтай заявы.

Рэспубліка Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія працягваюць удзельнічаць у Працэсе стабілізацыі і асацыяцыі.