Беларусь: заява Высокага прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля адносна канстытуцыйнага рэферэндуму

28.02.2022

Сёння беларускі рэжым арганізаваў канстытуцыйны рэферэндум ва ўмовах паўсюдных парушэнняў правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій супраць усіх пластоў беларускага грамадства. На дадзены момант налічваецца больш за 1070 палітвязняў. Прастора для сапраўднага грамадскага абмеркавання цалкам заблакавана, шырока выкарыстоўваецца наўмысная дэзінфармацыя. Акрамя таго, вялізная колькасць беларускіх грамадзян была вымушана пакінуць краіну.

Гэта не тыя ўмовы, якія неабходны для дэмакратычнага працэсу перагляду канстытуцыі. Больш за тое, мы былі сведкамі масавых фальсіфікацый на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і нішто не ўказвае на паляпшэнне выбарчай сістэмы.

Як гаворыцца ў прамежкавай справаздачы Венецыянскай камісіі, прапанаваныя змены ў канстытуцыю даюць Лукашэнку дадатковыя інструменты для далейшага ўмацавання сваёй улады.

Акрамя таго, яшчэ адной трывожнай акалічнасцю з'яўляецца выдаленне спасылкі ў артыкуле 18 на няядзерны статус Беларусі. ЕС самым рашучым чынам асуджае дачыненне Беларусі да агрэсіі супраць Украіны, якая працягваецца, і мы будзем прымаць меры ў дачыненні да тых у Беларусі, хто супрацоўнічае з расійскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны.

ЕС працягвае сваю актыўную падтрымку пабудове незалежнай, суверэннай і дэмакратычнай Беларусі, заснаванай на павазе фундаментальных свабод і вяршэнстве права.

Nabila Massrali
Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0) 2 29 88093
+32 (0) 460 79 52 44