Беларусь: заява Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля ў Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі

20.05.2024
Брусэль
EEAS Press Team

21 мая мы адзначаем Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. З таго часу, як у маі 2021 года ў турме загінуў палітычны зняволены, актывіст Вітольд Ашурак, у зняволенні памерлі яшчэ не менш як пяцёра палітычных вязняў: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. Іх несправядліва пераследавалі за палітычныя погляды і перакананні, ім не надавалі належнай медыцынскай дапамогі і догляду.

Сёння ў Беларусі па-ранейшаму каля 1400 палітычных вязняў. Сотні маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, інваліднасць, узрост за 60 гадоў ці псіхічныя разлады.
Іх утрымліваюць незаконна, падвяргаюць катаванням і жорсткаму абыходжанню, у тым ліку пазбаўляюць неабходнай медыцынскай дапамогі.

Рэжым усё часцей робіць сваімі мішэнямі і тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Еўрапейскі саюз асуджае апошнюю хвалю рэйдаў і канфіскацыі маёмасці палітычных актывістаў, якія ў выгнанні працягваюць сваю дзейнасць у абарону свабоды. У спіс падазраваных па распачатай масавай крымінальнай справе супраць беларусаў замежжа ўнесены 104 чалавекі.

У гэты дзень салідарнасці ЕС патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і заклікае ўлады выконваць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, забяспечваць доступ да належнай медыцынскай дапамогі без дыскрымінацыі.

ЕС працягне падтрымліваць усіх, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Pedro FONSECA MONIZ
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)2 291 38 76
+32 (0)460 76 14 96