Беларусь: заява Высокага прадстаўніка, Намесніка старшыні Еўрапейскай камісіі аб падтрымцы ЕС Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці
Пасля фальсіфікаваных выбараў, якія адбыліся сем месяцаў таму, беларускія ўлады здзейснілі непрымальныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да народа Беларусі. Сутыкнуўшыся з масавай мірнай мабілізацыяй беларускага насельніцтва, якое выступае за дэмакратыю і свае фундаментальныя свабоды, улады адказалі гвалтоўнымі рэпрэсіямі, адвольнымі арыштамі і затрыманнямі, сотнямі дакументальна пацверджаных выпадкаў катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага альбо зневажальнага для годнасці абыходжання альбо пакарання, уключаючы сексуальны і гендарны гвалт. Нічым не справакаванае, адвольнае затрыманне больш за двухсот мірных людзей па ўсёй Беларусі ўчора з нагоды Дня Волі дэманструюць, што маштабы рэпрэсій з боку дзяржавы не змяншаюцца. Вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці.
Еўрапейскі саюз разам са сваімі міжнароднымі партнёрамі ўзначальвае барацьбу супраць беспакаранасці. Разам з групай дзяржаў-членаў ЕС і іншых краін-аднадумцаў ЕС падтрымлівае Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці – незалежную і непрадузятую пляцоўку для збору, праверкі і захавання дакументацыі і доказаў сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі ў час і пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года. ЕС прадастаўляе гэтай Платформе палітычную, а пасля завяршэння падрыхтоўкі будзе прадастаўляць таксама і фінансавую падтрымку.
На гэтым тыдні Еўрапейскі саюз таксама паспяхова прадставіў рэзалюцыю ў Савеце ААН па правах чалавека, якая прадугледжвае стварэнне дзейснага механізму пры Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Гэты механізм будзе выкарыстоўваць у тым ліку і дакументацыю, атрыманую Міжнароднай платформай для Беларусі, і спрыяць прыцягненню да адказнасці вінаватых і ажыццяўленню правасуддзя для ахвяр.
ЕС будзе і надалей падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненні да дэмакратыі і павагі фундаментальных свабод, уключаючы права на свабоду слова, мірныя сходы і дэманстрацыі без гвалту, запалохвання і пагрозы рэпрэсій.