Беларусь: Заява прэс-сакратара адносна прызнання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй»
Еўрапейскі саюз асуджае рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Гэтае рашэнне з’яўляецца відавочным і неабгрунтаваным замахам на акадэмічную свабоду, свабоду выказвання меркаванняў і фундаментальнае права на адукацыю. На працягу многіх гадоў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт забяспечваў якасную адукацыю для беларускіх студэнтаў, у тым ліку для тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну з-за рэпрэсій. Дзякуючы падтрымцы ЕС сотні студэнтаў атрымалі стыпендыі і дапамогу ў пакрыцці выдаткаў на пражыванне, што дазволіла ім развіваць прафесійныя навыкі і ўносіць уклад у развіццё грамадства.
Прысваенне акадэмічнай установе статусу «экстрэмісцкай» — яшчэ адзін прыклад сістэматычных спроб рэжыму задушыць крытычнае мысленне, запалохаць моладзь і яшчэ больш звузіць прастору для грамадзянскай актыўнасці як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Гэтае рашэнне ўпісваецца ў больш шырокую практыку рэпрэсій, накіраваных супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і прадстаўнікоў адукацыйнага сектара.
Еўрапейскі саюз зноў пацвярджае сваю поўную падтрымку Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, яго студэнтам, супрацоўнікам і выпускнікам. Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна адмяніць гэтае рашэнне і спыніць далейшыя рэпрэсіі супраць народа Беларусі.