Беларусь: заява Прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў у сувязі са смерцю палітвязня Мікалая Клімовіча
Еўрапейскі саюз з трывогай і смуткам даведаўся, што ў віцебскай калоніі №3 на мінулым тыдні памёр палітвязень рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі Мікалай Клімовіч. Яго прыгаварылі да года пазбаўлення волі за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы карыкатуры на Аляксандра Лукашэнку. У яго было сур'ёзнае захворванне сэрца, аб чым было вядома суддзі і пракурору да вынясення прысуду. На жаль, ён толькі адзін са шматлікіх беларусаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, маючы недастатковы доступ да лекаў і медыцынскай дапамогі.
Смерць Мікалая Клімовіча – яшчэ адзін доказ поўнага грэбавання рэжымам жыццём і правамі людзей. Яна таксама дэманструе відавочнае ігнараванне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках міжнароднага права і заклікаў міжнароднай супольнасці спыніць бессэнсоўныя рэпрэсіі. У сваёй апошняй рэзалюцыі па Беларусі, прынятай у сакавіку, Савет па правах чалавека выказаў занепакоенасць становішчам затрыманых асоб, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, і заклікаў да іх неадкладнага вызвалення па гуманітарных меркаваннях.
ЕС зноў заяўляе аб сваім патрабаванні неадкладнага доступу да былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, які, як паведамляецца, быў шпіталізаваны з прычыны жорсткага абыходжання ў турме. ЕС таксама зноў заклікае правесці расследаванне прычын і абставін смерці палітвязня Вітольда Ашурка 21 мая 2021 года. ЕС зноў патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў. ЕС працягне свае намаганні па аднаўленні справядлівасці для ахвяр і прыцягненні вінаватых да адказнасці.