Беларусь: заява прэс-сакратара ў сувязі з вынясеннем прысуду Сяргею Ціханоўскаму і пяці іншым вядомым палітычным зняволеным

14.12.2021

Сёння ў Гомелі шасцёра вядомых палітычных зняволеных атрымалі неабгрунтаваныя і суровыя прысуды тэрмінам ад 14 да 18 гадоў па сумнеўных абвінавачваннях у "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" і "распальванні варожасці" па выніках закрытага судовага працэсу. Сяргей Ціханоўскі, блогер і дэмакратычны актывіст, несправядліва зняволены і пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года, быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі. Спадар Ціханоўскі быў змешчаны за краты 29 мая 2020 года разам з членам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Арцёмам Сакавым і мадэратарам сацыяльных сетак Дзмітрыем Паповым. Абодва яны сёння прыгавораны да 16 гадоў пазбаўлення волі. Блогеры Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч, якія вялі папулярныя каналы ў Тэлеграм і Youtube, распаўсюджваючы інфармацыю аб прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі. Мікола Статкевіч, вядомы беларускі палітык і ветэран апазіцыі Лукашэнку, асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі.

Гэтыя прысуды з'яўляюцца яшчэ адным прыкладам неабгрунтаваных абвінавачанняў супраць грамадзян Беларусі, якія скарысталіся сваім правам на выказванне меркавання і заклікалі да свабодных і справядлівых выбараў. Гэтыя прысуды з'яўляюцца часткай жорсткага і сістэматычнага падаўлення ўсіх незалежных галасоў у Беларусі, якое працягваецца.

ЕС рашуча асуджае гэтыя абуральныя парушэнні правоў чалавека і фундаментальных свабод рэжымам у Мінску. ЕС зноў заяўляе аб сваім патрабаванні неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Цяпер у Беларусі больш за 920 палітычных зняволеных, многія з якіх церпяць катаванни і жорсткае абыходжанне, і іх колькасць працягвае расці. Беларусь павінна прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў і абавязкаў у рамках ААН і АБСЕ. З прычыны пагаршэння парушэнняў правоў чалавека і рэпрэсій у Беларусі, якія працягваюцца, ЕС захоўвае сваю рашучасць разглядаць далейшыя санкцыі ў адпаведнасці з паэтапным падыходам, прынятым Саветам 12 кастрычніка 2020 года.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53