ЕС-Беларусь: у Бруселі прайшла другая сустрэча Кансультатыўнай групы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю
Другая сустрэча Кансультатыўнай групы паміж Еўрапейскім саюзам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю адбылася 12 снежня ў Бруселі.
Сустрэча дала магчымасць абмяняцца інфармацыяй аб бягучай сітуацыі ў Беларусі, асабліва з улікам рэзкага пагаршэння становішча з правамі чалавека ў краіне і ўзмацнення пераследу іншадумства. ЕС пацвердзіў сваю прыхільнасць забеспячэнню справядлівасці для тых, хто пакутуе ад прыгнёту, і прыцягненню да адказнасці вінаватых у ім. Абодва бакі заклікалі да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных неадкладна і без умоў.
На сустрэчы таксама абмяркоўваліся выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы, якія жывуць у выгнанні, асабліва звязаныя з указам Лукашэнкі аб абмежаванні консульскіх паслуг. Гэты ўказ уяўляе сабой яшчэ адну форму прыгнёту і татальнай непавагі фундаментальных правоў беларускіх грамадзян.
Прадстаўнікі ЕС і Беларусі асудзілі саўдзел рэжыму ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і інструменталізацыю міграцыі на знешніх межах ЕС.
Сустрэча таксама дала магчымасць падрабязна абмеркаваць, як найлепш працягваць падтрымліваць народ Беларусі, у тым ліку грамадзянскую супольнасць.
Пасля сфальсіфікаваных выбараў жніўня 2020 года ЕС выдаткаваў амаль 140 мільёнаў еўра на падтрымку беларускага народа, у тым ліку праваабарончыя арганізацыі, грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ, культурныя ўстановы, а таксама малыя і сярэднія прадпрыемствы. ЕС па-ранейшаму гатовы актываваць усёабдымны план у падтрымку дэмакратычнай Беларусі аб'ёмам 3 мільярды еўра, калі Беларусь стане на шлях пераходу да дэмакратыі.
Другая сустрэча Кансультатыўнай групы прайшла пад старшынствам Кіраўнічага дырэктара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў спадара Міхаэля Зіберта і лідара дэмакратычных сіл Беларусі спадарыні Святланы Ціханоўскай пры ўдзеле прадстаўнікоў розных беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці ў выгнанні.