ЕС працягвае нарошчваць падтрымку народу Беларусі

13.12.2021

Еўрапейская камісія мабілізуе дадатковыя 30 мільёнаў еўра, яшчэ больш узмацніўшы падтрымку народа Беларусі. Новая праграма дапоўніць і пашырыць падтрымку, якая ўжо аказваецца з боку ЕС у адрас моладзі, незалежных СМІ, малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў выгнанні, і культуры.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла: «Еўрапейскі саюз падтрымлівае народ Беларусі ў яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Мы павялічым нашу падтрымку, вылучыўшы новыя 30 мільёнаў эўра для моладзі, незалежных СМІ, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у выгнанні і дзеячаў культуры, якіх працягвае душыць рэжым Лукашэнкі. Таксама ў нас падрыхтаваны эканамічны і інвестыцыйны пакет на 3 мільярды эўра для дэмакратычнай Беларусі. Імкненне да свабоды беларускага народа натхняе ўсіх нас».

Камісар па пытаннях суседства і пашырэння Олівер Вархеі заявіў: «Напярэдадні саміту Усходняга партнёрства аб'ява аб павелічэнні дапамогі з'яўляецца яшчэ адным выразным знакам таго, што Еўрапейскі звяз працягвае цвёрда стаяць за беларускі народ у яго барацьбе за свабоду. У сваёй барацьбе за пабудову дэмакратычнай будучыні народ Беларусі можа і надалей разлічваць на падтрымку і салідарнасць Еўрапейскага саюза».

Мэтай гэтага павялічанага пакета дапамогі з'яўляецца ўмацаванне ўстойлівасці і патэнцыялу беларускага народа, які пацярпеў ад палітычнага крызісу, дзеля прасоўвання дэмакратычных змен у Беларусі. Фокус застаецца на асноўных прыярытэтных напрамках:

  • Незалежныя СМІ: пашырэнне падтрымкі ЕС у адрас незалежных СМІ ў Беларусі, якія сістэматычна падаўляюцца, шляхам аказання ім тэхнічнай дапамогі, правядзення трэнінгаў і стварэння структуры па каардынацыі дапамогі донараў.
  • Кантакты паміж людзьмі, асабліва паміж моладдзю, навуковымі коламі і спецыялістамі: прадастаўленне магчымасцей міжнароднай мабільнасці для студэнтаў, навуковых супрацоўнікаў і спецыялістаў, а таксама працяг аказання падтрымкі Еўрапейскаму гуманітарнаму універсітэту.
  • Прадпрымальнікі і МСП у выгнанні: падтрымка кампаній, якія знаходзяцца ў выгнанні, у тым ліку праз аказанне ім кансультацыйных паслуг.
  • Культурныя і мастацкія ініцыятывы: грантавая падтрымка культурных і мастацкіх ініцыятыў, а таксама павышэнне кваліфікацыі творчых спецыялістаў у галіне выяўленчага мастацтва як у Беларусі, так і беларускіх мастакоў за мяжой.

Такім чынам, агульны аб'ём дапамогі, што аказваецца Еўрапейскім саюзам народу Беларусі са жніўня 2020 года, дасягне амаль 65 мільёнаў еўра. Адразу пасля фальсіфікацыі выбараў для аказання экстранай дапамогі ахвярам прыгнёту і незалежным СМІ было мабілізавана 3,7 млн еўра. Еўрапейскі саюз таксама выдзеліў 24 млн еўра на захаванне прасторы грамадзянскай супольнасці, 6 млн еўра на аблягчэнне доступу МСП да фінансавання і яшчэ 1 млн еўра на падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Для даведкі 

Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і беспрэцэдэнтнай хвалі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці з боку рэжыму Лукашэнкі, якая пачалася пасля гэтага, Еўрапейскі саюз цвёрда выказаўся ў падтрымку правоў і дэмакратычных памкненняў народа Беларусі.

У адпаведнасці з Заключэннямі Савета ЕС ад кастрычніка 2020 года ЕС неаднаразова заклікаў да дэмакратычнага вырашэння гэтага крызісу шляхам інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу з шырокімі пластамі грамадства.

У сувязі з тым, што адбылося, ЕС перагледзеў свае адносіны з Беларуссю. Больш за палову аб'ёму двухбаковай дапамогі, выдзеленай ЕС, было прыпынена альбо перанакіравана на падтрымку беларускага народа і грамадзянскай супольнасці. ЕС таксама ўвёў пяць раундаў санкцый, даючы зразумець, што не пацерпіць парушэння правоў чалавека.

Еўрапейская камісія таксама гатова запусціць комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму 3 млрд еўра ў адпаведнасці са сваімі абавязальніцтвамі па падтрымцы мірнага дэмакратычнага транзіту ўлады ў гэтай краіне. Калі такі транзіт адбудзецца, то ў адпаведнасці з палітыкай Усходняга партнёрства для суправаджэння такога дэмакратычнага транзіту ўлады ЕС гатовы прымяняць розныя інструменты.

Глядзіце таксама