Заява Прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў што да новага заканадаўства ў Беларусі, якое дазволіць пазбаўляць беларусаў грамадзянства
Учора, 21 снежня, Нацыянальны сход Беларусі прыняў папраўкі ў Закон аб грамадзянстве. Пасля падпісання Лукашэнкам гэты закон адкрые магчымасць пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія жывуць за мяжой.
ЕС асуджае гэты законапраект, які з'яўляецца чарговым крокам у жорсткім пераследзе беларускім рэжымам усіх незалежных галасоў. Такім чынам прадстаўнікі дэмакратычных сіл, СМІ і грамадзянскай супольнасці, якія пакінулі краіну, ратуючыся ад пераследу, могуць зрабіцца асобамі без грамадзянства.
Гэта было б парушэннем міжнароднага права. Артыкул 15 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абараняе права кожнага на грамадзянства і забараняе адвольнае пазбаўленне гэтага права.
Гэтая папраўка ў Закон аб грамадзянстве - яшчэ адзін прыклад пашырэння беспраўя ў Беларусі. Зараз у краіне больш за 1440 палітычных зняволеных, якіх часта ўтрымліваюць у бесчалавечных умовах, суды адбываюцца ў закрытым рэжыме, а прысуды могуць выносіцца завочна. Раней у гэтым годзе сфера прымянення смяротнага пакарання была пашырана і распаўсюджана на «замахі на здзяйсненне актаў тэрарызму», абвінавачанне, якое лёгка можа быць выстаўленае адвольна па палітычных матывах і ў адсутнасць якой-кольвек празрыстасці або належнай судовай працэдуры.
ЕС будзе па-ранейшаму падтрымліваць свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь.