Заява Прэс-сакратара з нагоды Дня салідарнасці з Беларуссю
9 лютага спаўняецца 18 месяцаў з дня сфальсіфікаваных выбараў, якія адбыліся ў жніўні 2020 года. Праз паўтара гады рэжым Лукашэнкі працягвае шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека і жорсткія рэпрэсіі супраць усіх груп беларускага грамадства.
На сённяшні дзень больш за 1040 чалавек у Беларусі з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі, у тым ліку 33 работнікі СМІ. Кожны дзень прыходзяць навіны пра новыя палітычна матываваныя прысуды. Многіх затрыманых падвяргаюць здзекам і адвольнаму абыходжанню і асудзілі на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення па выніках закрытых судовых працэсаў. Еўрапейскі саюз працягвае заклікаць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Разам з нашымі міжнароднымі партнёрамі мы дамагаемся правасуддзя для ахвяр і прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Сотні журналістаў былі вымушаны пакінуць краіну з-за пераследу. Улады Беларусі аб'явілі незалежную журналістыку па-за законам, а грамадзян пераследуюць за тое, што яны шукаюць інфармацыі з якіх-небудзь незалежных крыніц.
Нягледзячы на жорсткі ціск, мужныя беларускія незалежныя журналісты знаходзяцца на перадавой барацьбы за праўду, дэмакратыю і фундаментальныя правы. Яны працягваюць выконваць сваю крытычна важную ролю ў асвятленні падзей для аўдыторый у Беларусі і за яе межамі. Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены працягнуць падтрымліваць беларускую незалежную журналістыку.
Мы падтрымліваем народ Беларусі ў яго імкненні да бяспечнай, суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні.
#StandWithBelarus