Page language:
Belarusian

Каштоўнасць Еўропы: заява Высокага прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля з нагоды Дня Еўропы

11.05.2022
Brussels
EEAS Press Team

Як і кожны год, 9 траўня мы адзначаем Дзень Еўропы і ўзгадваем дэкларацыю Рабэра Шумана, якая паклала пачатак еўрапейскаму праекту. Сёння гэтая памятная дата нясе асаблівы сэнс. З 24 лютага Еўропа бачыць, як на яе тэрыторыі зноў ідзе буйнамаштабная вайна. З аднаго боку, агрэсар – Расія, з іншага боку, ахвяра нападу – Украіна. Гэта вайна закранае перш за ўсё Еўропу, таму што ідзе на яе зямлі. І нават калі Украіна не член Еўрапейскага саюза, яна наш вельмі блізкі партнёр, з якім у нас самае ўсёабдымнае пагадненне аб асацыяцыі і чыё еўрапейскае прызначэнне не выклікае сумневаў.

Хоць для большасці нашых грамадзян працэс еўрапейскай інтэграцыі – гэта гісторыя грандыёзнага поспеху, некаторыя з нашых суайчыннікаў-еўрапейцаў адчуваюць сумневы наконт карысці еўрапейскага праекту. У апошнія гады ўсё больш партый выступаюць супраць ЕС і сеюць сумневы адносна яго, у тым ліку адносна ролі ЕС як гульца ў сістэме глабальнай бяспекі. Вайна ва Украіне драматычным, ашаламляльным чынам нагадвае нам аб нязменнай каштоўнасці Еўрапейскага саюза як праекта міру паміж еўрапейцамі і як моцнага гульца, чыя мэта – падтрымліваць бяспеку на нашым кантыненце і ў свеце ў цэлым і садзейнічаць яе забеспячэнню.

Дазвольце мне падзяліцца чатырма галоўнымі меркаваннямі на гэты конт.

Па-першае, краіны-члены ЕС прадэманстравалі наймацнейшую палітычную згуртаванасць перад тварам агрэсіі. Хтосьці палічыў бы гэта неверагодным, і расійскі агрэсар дакладна сумняваўся, што мы праявім столькі рашучасці, нягледзячы на ​​выразныя перасцярогі. Мы ўсё разумелі сур'ёзнасць агрэсіі і небяспеку, якую яна нясе. Адсюль і хуткасць, з якой ЕС прыняў фінансавыя і эканамічныя санкцыі супраць Расіі ў каардынацыі з партнёрамі па «Вялікай сямёрцы».

Другі ключавы элемент – рашэнне выкарыстоўваць (упершыню ў гісторыі) – фінансавыя сродкі з Еўрапейскага фонду міру, каб дапамагчы дзяржаве, якая падверглася нападу, абараніць сябе. Ужо было выдзелена тры траншы на агульную суму 1,5 мільярда еўра. Гэтая падтрымка з боку ЕС спалучаецца з прамой ваеннай дапамогай ад дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ЕС не абмяжоўвае краіны-члены, а павялічвае сілу кожнага з іх.

Па-трэцяе, сумесна дамагаючыся ліквідацыі энергетычнай залежнасці Еўропы ад Расіі, ЕС даказвае, што краіны-члены мацнейшыя, калі яны дзейнічаюць разам, у складзе ЕС, а не паасобку. Еўрапейскі саюз не толькі становіцца мацнейшым гульцом на міжнародным энергетычным рынку, але і абмяжоўвае магчымасці энергетычна шантажаваць асобныя дзяржавы-члены ЕС. Гэта павысіць стратэгічную ўстойлівасць Еўрапейскага саюза.

Нарэшце, сіла і рашучасць дзеянняў ЕС у падтрымку Украіны нясуць карысць не толькі еўрапейцам. Гэта не пытанне «Захад супраць Расіі». Захаванне асноўных міжнародных прынцыпаў, замацаваных у Статуце ААН, у роўнай ступені датычыцца Поўначы, Усходу, Поўдню і Захаду. 141 краіна адназначна асудзіла расійскую агрэсію супраць Украіны на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Яны абараняюць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт перад абліччам будучай патэнцыйнай агрэсіі і кажуць «не» вяртанню закону джунгляў у міжнародных адносінах. Яны кажуць «не» хлуслівым заявам расійскага кіраўніцтва і «мантыі» шматбаковага рэлятывізму, пад якой яно спрабуе схаваць свае дзеянні. ЕС таксама працуе над пераадоленнем агульных сусветных наступстваў вайны Расіі супраць Украіны, у тым ліку эканамічных. І тут адзінства ЕС у дасягненні міжнароднай салідарнасці будзе мець вырашальнае значэнне.

З-за гэтай вайны Еўропа хутчэй вучыцца размаўляць на мове сілы. 9 траўня 2022 года павінна паказаць усё большае ўсведамленне гэтага: каб абараніць ЕС і каштоўнасці, на якіх ён заснаваны; каб выкарыстоўваць нашы калектыўныя сілы для аказання дапамогі нашаму партнёру Украіне, якая абараняе сябе і свой суверэнітэт; каб працаваць з сусветнай супольнасцю для абароны асноўных міжнародных норм і гарантавання бяспекі і каб праявіць салідарнасць дзеля пераадолення глабальных наступстваў гэтай агрэсіі.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Paloma Hall Caballero
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)2 296 85 60
+32 (0)460 76 85 60