Нобелеўская прэмія міру: заява Высокага прадстаўніка наконт лаўрэата 2023 года

11.10.2023 EEAS Press Team

Еўрапейскі саюз вітае рашэнне прысудзіць Нобелеўскую прэмію міру Наргес Махамадзі "за яе барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за прасоўванне правоў чалавека і свабоды для ўсіх".

Будучы вядомым іранскім праваабаронцам і членам іранскай няўрадавай арганізацыі “Цэнтр абаронцаў правоў чалавека”, Наргес Махамадзі заўсёды выступала за правы жанчын, адмену смяротнага пакарання і паляпшэнне ўмоваў утрымання ў турмах унутры Ірана.

Цяпер яна знаходзіцца ў турме ў Іране і адбывае некалькі тэрмінаў, якія разам складаюць 12 гадоў. Яна ніколі не перастае ўзвышаць свой голас у абарону чалавечай годнасці і правоў іранцаў, нават знаходзячыся ў турэмнай камеры. Яна натхняе ўсіх, хто лічыць, што правы чалавека з'яўляюцца асновай мірнага і дэмакратычнага грамадства.

ЕС будзе працягваць выступаць за павагу да правоў чалавека ў Іране і іншых краінах, а таксама за свабоду ўсіх тых, хто, як і яна сама, несправядліва затрыманы.