Пасяджэнне Савета па замежных справах, 18 сакавіка 2024 года
Асноўныя вынікі
Неафіцыйная размова з Дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам
Міністры правялі неафіцыйную размову з Дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам па відэасувязі, надаўшы асаблівую ўвагу тэмам расійскай агрэсіі супраць Украіны, сітуацыі на Блізкім Усходзе, падыходу да адносін з Кітаем і краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну.
Удзельнікі пасяджэння сышліся на думцы аб тым, што трансатлантычнае адзінства застаецца найважнейшым аспектам барацьбы з бягучымі праблемамі, адзначыўшы, у прыватнасці, што адносна Украіны і Блізкага Усходу неабходна дзейнічаць аператыўна, асабліва ў пытанні ўстанаўлення працяглага міру паміж Ізраілем і Палестынай на базе мадэлі дзвюх дзяржаў.
Агрэсіўная вайна Расіі супраць Украіны
Далей Савет па замежных справах абмяркоўваў расійскую агрэсію супраць Украіны. Дыскусіі папярэднічала выступленне па відэасувязі Міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы, які паведаміў калегам з ЕС пра апошнія падзеі на месцах і бягучыя прыярытэты Украіны.
Падчас сустрэчы Савет прыняў рашэнне аб выдзяленні €5 млрд з Еўрапейскага фонду міру ў якасці ваеннай дапамогі Украіне. Новы спецыялізаваны Фонд дапамогі Украіне павысіць прагназаванасць ваеннай падтрымкі з боку ЕС і ў асноўным будзе кіравацца патрэбамі Украіны.
Міністры краін ЕС таксама дамовіліся аператыўна зацвердзіць санкцыі супраць асоб, адказных за забойства Аляксея Навальнага, у межах Глабальнага рэжыму санкцый ЕС у сувязі з парушэннямі правоў чалавека.
Далей Савет абмеркаваў перспектывы выкарыстання надзвычайнага прыбытку ад расійскіх актываў, замарожаных у ЕС з-за санкцый.
Па выніках сённяшніх абмеркаванняў я адзначыў актыўную падтрымку ідэі ўзяць гэтыя атрыманыя працэнты і выкарыстоўваць іх для падтрымкі Украіны. Як? У ваенным плане – для папаўнення рэсурсаў Еўрапейскага фонду міру, а таксама для падтрымкі развіцця ўкраінскай абарончай прамысловасці. Да пасяджэння Еўрапейскага савета я вынесу гэту прапанову для рашэння Савета і правяду з Камісіяй працу па зацвярджэнні пастановы Савета, каб краіны ЕС маглі абмеркаваць канкрэтную прапанову.
Жазэп Барэль, Высокі прадстаўнік ЕС
І нарэшце, члены Савета абмеркавалі прэзідэнцкія выбары ў Расіі, якія адбыліся з 15 па 17 сакавіка ва ўмовах сур'ёзных абмежаванняў, калі ў выбаршчыкаў не было рэальнага выбару і ім сістэматычна пагражалі ўнутраныя рэпрэсіі. У заяве 27 краін ЕС, апублікаванай напярэдадні пасяджэння Савета, ЕС асудзіў незаконнае правядзенне так званых "выбараў" на ўкраінскіх тэрыторыях, часова акупаваных Расіяй.
Беларусь
Члены Савета па замежных справах абмяняліся меркаваннямі наконт Беларусі, засяродзіўшы падвойную ўвагу на тым, што яшчэ можа зрабіць ЕС для рэагавання на сітуацыю ў краіне з правамі чалавека і падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, а таксама на тэме саўдзелу Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны.
Савет выказаў занепакоенасць наконт пастаяннага пагаршэння сітуацыі ў краіне, дзе рэпрэсіі дасягаюць беспрэцэдэнтнага ўзроўню, пагаршаецца сітуацыя з правамі чалавека і не спыняюцца парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў беларусаў.
Міністры пацвердзілі, што Беларусь застаецца для ЕС важнай тэмай парадку дня, і зноў заклікалі рэжым неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў.
ЕС гатовы ў адпаведнасці са сваёй тактыкай паступовых крокаў прыняць далейшыя мэтавыя абмежавальныя меры.
Сітуацыя на Блізкім Усходзе
Далей Савет па замежных справах абмеркаваў сітуацыю на Блізкім Усходзе, у прыватнасці ў сектары Газа.
Міністры абмеркавалі гуманітарную сітуацыю, якая ўсё пагаршаецца ў сектары Газа, дзе, па дадзеных нядаўна выпушчанай Сусветнай харчовай праграмай справаздачы, пераважнай большасці насельніцтва пагражае галодная смерць.
Узнімалася і тэма кіпрскай ініцыятывы стварэння марскога гуманітарнага калідора. Высокі Прадстаўнік ЕС падкрэсліў, што развіваць кіпрскі марскі калідор трэба, але пры гэтым трэба ствараць больш наземных, а Ізраіль павінен забяспечыць адкрыццё дадатковых прапускных пунктаў.
Затым мы паразмаўлялі пра санкцыі ў дачыненні да ХАМАС і па-экстрэмісцку настроеных пасяленцаў. […] На мінулым пасяджэнні Савета па замежных справах абмеркаваць іх не атрымалася, а зараз атрымалася. На працоўным узроўні ўзгоднены грунтоўны кампраміс, і я спадзяюся, што неўзабаве гэтае рашэнне будзе прынята канчаткова.
Жазэп Барэль, Высокі прадстаўнік ЕС
У Савеце таксама абмяркоўвалася Пагадненне аб асацыяцыі паміж ЕС і Ізраілем. Яно выразна грунтуецца на такіх падзяляных ЕС і Ізраілем каштоўнасцях, як захаванне правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыя.
Міністры выказалі гатоўнасць да далейшага узаемадзеяння з Ізраілем для абмеркавання сітуацыі ў Газе; некаторыя прапанавалі зноў запрасіць на пасяджэнне Савета Міністра замежных спраў Ізраіля і новага Прэм'ер-міністра Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі.
Бягучыя пытанні
У рамках разгляду бягучых пытанняў члены Савета абмяняліся думкамі наконт Арменіі/Азербайджана, Нігера і Гаіці.
Што да апошняга пытання, то міністры выказалі рашучую падтрымку намаганням па рэалізацыі ўстойлівага і інклюзіўнага палітычнага пераходу пры вядучай ролі гаіцянскага народа. Яны таксама падкрэслілі неабходнасць таго, каб гэтыя палітычныя намаганні хутка ператварыліся ў адчувальныя паляпшэнні на месцах.
Высокі Прадстаўнік ЕС падкрэсліў важнасць аператыўнага разгортвання Шматнацыянальнай місіі па падтрымцы бяспекі, ухваленай Саветам Бяспекі ААН.
ЕС разглядае варыянты падтрымкі агульных мэт шматнацыянальнай місіі з прымяненнем сваіх інструментаў супрацоўніцтва.
Высновы Савета
Савет зацвердзіў высновы па "зялёнай" дыпламатыі.