Сірыя: ЕС заклікае ўсіх актораў спыніць эскалацыю і забяспечыць доўгатэрміновае спыненне агню
Еўрапейскі саюз ўважліва сочыць за трывожным развіццём сітуацыі ў Сірыі і за станам спраў у Турцыі. У мінулыя выхадныя кіраўніцтва ЕС распачало крокі, накіраваныя на вырашэнне складанага гуманітарнага крызісу ў Ідлібе, Сірыя.
У ходзе тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Турцыі Эрдаганам 29 лютага Старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю турэцкіх вайскоўцаў. Ён таксама заявіў пра сваю глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што працяг баявых дзеянняў к Ідлібе выклікае невымоўныя чалавечыя пакуты.
Шарль Мішэль заклікаў усе дзеючыя суб'екты спыніць эскалацыю сітуацыі, забяспечыць устойлівае, доўгатэрміновае спыненне агню і працаваць над пошукам палітычнага ўрэгулявання ў адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.
Задачай першараднай важнасці з'яўляецца забеспячэнне гуманітарнай дапамогі і доступу да насельніцтва. ЕС гатовы ўзмацніць сваю падтрымку.
Акрамя таго, у апошнія дні Старшыня Еўрапейскага савета Мішэль падтрымлівае шчыльны кантакт з Прэм'ер-міністрам Грэцыі Міцатакісам і Прэм'ер-міністрам Балгарыі Барысавым па пытаннях, звязаных з міграцыйнай сітуацыяй.
ЕС прадпрымае актыўныя меры для захавання пагаднення ЕС-Турцыя і падтрымлівае Грэцыю і Балгарыю ў абароне знешніх межаў ЕС.
1 сакавіка Высокі Прадстаўнік ЕС – Намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль зрабіў наступную заяву па Сірыі:
«Баявыя дзеянні, якія аднавіліся і працягваюцца ў Ідлібе і вакол яго, уяўляюць сур'ёзную пагрозу для міжнароднага міру і бяспекі. Яны нясуць насельніцтву невымоўныя пакуты і маюць сур'ёзныя наступствы для рэгіёну і за яго межамі. Еўрапейскі саюз павінен падвоіць намаганні, каб, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя ў яго сродкі, урэгуляваць гэты цяжкі гуманітарны крызіс.
Таму я склікаю на наступным тыднi пазачарговае пасяджэнне Савета ЕС па замежных справах, каб абмеркаваць бягучы стан спраў, у тым ліку па запыце Міністра замежных спраў Грэцыі.
У гэтыя дні я знаходжуся на сувязі з ключавымі дзеючымі суб'ектамі. Я заклікаю да неадкладнага спынення эскалацыі сітуацыі і забеспячэння доўгатэрміновага спынення агню. Я таксама выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю людзей і прапанаваў падтрымку ЕС, каб змякчыць наступствы крызісу.
У гэтага крызісу ёсць толькі палітычнае рашэнне.
Усе, у першую чаргу сірыйскі рэжым, павінны тэрмінова аднавіць палітычны працэс пад эгідай ААН.
Акрамя таго, неабходна працягнуць мабілізацыю рэсурсаў, каб палегчыць пакуты грамадзянскага насельніцтва, прадаставіўшы прытулак, харчаванне і лекі. Краіны-члены ЕС працягнуць рабіць усё магчымае. Неабходна забяспечыць гуманітарны доступ, у тым ліку ў самыя аддаленыя раёны, дзе знаходзіцца найбольш неабароненае насельніцтва. Я звяртаў на гэта асаблівую ўвагу падчас усіх маіх кантактаў у апошнія дні.
У той жа час мы працягваем уважліва сачыць за міграцыйнай сітуацыяй на нашых знешніх межах. Неабходна прытрымлівацца пагадненне паміж ЕС і Турцыяй. ЕС падтрымлівае Грэцыю і Балгарыю ў прыняцці рашэнняў у адказ на сітуацыю, якая змяняецца.
Пазачарговае пасяджэнне Савета ЕС па замежных справах на наступным тыднi дасць магчымасць прадметна абмеркаваць апошнія падзеі і працягнуць нашу сумесную працу па ўсіх напрамках. Неабходна, каб нашы калектыўныя дзеянні аказалі максімальна магчымы ўплыў, калі мы хочам эфектыўна ўрэгуляваць крызіс і спрыяць стварэнню ўмоў для дасягнення палітычнага рашэння».
Падчас тэлефоннай размовы 28 лютага Высокі Прадстаўнік ЕС Барэль і Міністр замежных спраў Расіі Лаўроў абмеркавалі сітуацыю ў Ідлібе, Сірыя. Высокі Прадстаўнік ЕС зноў заклікаў да дээскалацыі сітуацыі і падкрэсліў неабходнасць забеспячэння гуманітарнага доступу і палягчэння становішча бежанцаў.