Беларусь: заява Прэс-сакратара ЕЭС з нагоды шостай гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. 09.08.2026

10.08.2026 EEAS Press Team

Сення спаўняецца шэсць гадоў з дня сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі дэмакратычнае волевыяўленне сотняў тысяч беларусаў сутыкнулася з беспрэцэдэнтным узроўнем рэпрэсій, якія застаюцца сістэматычнымі і не слабеюць да гэтага часу.

Нягледзячы на вызваленне шэрагу палітычных зняволеных за апошні год, працягваюцца новыя затрыманні, і больш за 800 чалавек па-ранейшаму адвольна ўтрымліваюцца пад вартай. Многія з іх знаходзяцца ў жахлівых умовах, у ізаляцыі, падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і катаванням і пазбаўлены доступу да жыццёва неабходнай медыцынскай дапамогі. Мы зноў заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама  забеспячэння іх належнай рэабілітацыі і рэінтэграцыі, і да спынення практыкі прымусовага выдварэння вызваленых зняволеных або выкарыстання адміністрацыйнага пераследу з мэтай прымусіць іх пакінуць Беларусь.

Мы таксама паўтараем наш заклік спыніць працяглыя кампаніі пераследу і запалохвання беларускага грамадства, у тым ліку праваабаронцаў, журналістаў, незалежных прафсаюзных актывістаў, дзеячаў культуры і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Еўрапейскі саюз цвёрда прытрымліваецца курсу на прыцягненне да адказнасці ўсіх, хто вінаваты ў парушэннях правоў чалавека, транснацыянальных рэпрэсіях і злоўжываннях.

Еўрапейскі саюз выказвае салідарнасць з народам Беларусі і працягне падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы. З 2020 года ЕС мабілізаваў 200 млн еўра, якія непасрэдна дапамаглі тысячам беларускіх студэнтаў, даследчыкаў, дзеячаў культуры і спецыялістаў, а таксама забяспечылі ўстойлівую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Еўрапейскі саюз пацвярджае сваю непахісную падтрымку імкнення беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы.

Мы таксама зноў заклікаем улады Беларусі ініцыяваць сапраўдны і ўключны нацыянальны дыялог, спыніць іх пастаянную падтрымку вайны агрэсіі Расіі супраць Украіны і спыніць удзел у гібрыдных атаках на знешніх межах ЕС, уключаючы інструменталізацыю мігрантаў у палітычных мэтах.