Міжнародны дзень дэмакратыі: Сумесная заява Выканаўчага віцэ-прэзідэнта Віркунен, Высокага прадстаўніка Калас і Камісара Макграта

15.09.2026
Брусэль
EEAS Press Team

Дэмакратыя грунтуецца на здольнасці людзей уплываць на рашэнні, якія закранаюць іх жыццё. Яна жыве дзякуючы дыялогу, разнастайнасці меркаванняў і кампрамісам, умацоўваецца штодзённымі праявамі грамадзянскага ўдзелу, адказнасці і мужнасці. Яна трывае дзякуючы грамадзянам, якія галасуюць з упэўненасцю, што іх галасы будуць улічаныя; суддзям, якія ажыццяўляюць правасуддзе незалежна ад палітычнага ціску; журналістам, якія працягваюць працаваць, нягледзячы на ​​запалохванне; а таксама тым, хто выходзіць на вуліцы, каб патрабаваць падсправаздачнасці ўладаў, павагі да правоў чалавека і абароны сваіх фундаментальных свабод.

Сярод усіх пераваг, якія дэмакратыя дае грамадствам па ўсім свеце, ключавыя - гэта ўмацаванне міру, бяспекі, эканамічнага дабрабыту, канкурэнтаздольнасці і сацыяльнай згуртаванасці. Аднак дэмакратыя пад пагрозай ва ўсім свеце. Незалежныя СМІ усё часцей робяцца аб'ектамі нападаў, дэзынфармацыя распаўсюджваецца хутчэй, чым калі-небудзь раней, а маніпуляцыі інфармацыяй з дапамогай штучнага інтэлекту і алгарытмаў выкарыстоўваюцца для скажэння грамадскіх дыскусій і паслаблення даверу да дэмакратычных інстытутаў і выбараў. Захады супраць вяршэнства закона і асноўных правоў падрываюць сістэму стрымак і проціваг, якія ляжаць у падмурку дэмакратычных грамадстваў. Нарастаючая рэакцыя супраць роўнасці абмяжоўвае поўны, роўны і змястоўны ўдзел усіх людзей у грамадскім і палітычным жыцці.

Аднак дэмакратыя заўсёды развівалася ў адказ на змены. Тыя ж тэхналагічныя дасягненні, якія выкарыстоўваюцца для маніпулявання інфармацыяй і аслаблення дэмакратычных працэсаў, могуць і забяспечваць празрыстасць, паляпшаць доступ да дакладнай інфармацыі і ствараць новыя магчымасці для грамадзянскага ўдзелу. Інавацыі павінны служыць дэмакратыі, а не аслабляць яе.

За апошні год Еўрапейскі саюз актывізаваў працу па абароне еўрапейскай дэмакратычнай прасторы ў рамках Еўрапейскага шчыта дэмакратыі. Наша праца скіраваная супраць інфармацыйных маніпуляцый і замежнага ўмяшання, дэзынфармацыі ды гібрыдных пагроз, на падтрымку свабодных і справядлівых выбараў, пашырэнне ўдзелу грамадзян у жыцці нашых дэмакратый і абарану журналістаў ад злоўжыванняў судовым пераследам. Фінансаванне ЕС працягвае падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і абараняць грамадзянскія прасторы ў Еўропе. Наш Еўрапейскі цэнтр дэмакратычнай устойлівасці спрыяе больш цеснаму супрацоўніцтву для павышэння ўстойлівасці перад абліччам агульных выклікаў.

Устойлівыя дэмакратыі жыццёва важныя для міру, бяспекі і ўстойлівага дабрабыту ва ўсім свеце. Міжнародная падтрымка дэмакратыі мае вырашальнае значэнне, і ЕС застаецца яе найбуйнейшым калектыўным донарам.

З 2000 года ЕС накіраваў больш за 190 місій па назіранні за выбарамі ў больш чым 65 краін. Толькі ў 2025 годзе ЕС арганізаваў 17 місій, звязаных з выбарамі, у тым ліку сем місій па назіранні за выбарамі ў Балівіі, Эквадоры, Гаяне, Гандурасе, Косаве, Малаві і на Філіпінах. Акрамя выбараў, фінансаванне з боку ЕС таксама падтрымлівае ўдзельнікаў дэмакратычнага руху, грамадскіх актывістаў і незалежныя СМІ па ўсім свеце. У мінулым годзе дзякуючы экстраным грантам ЕС была аказана падтрымка 686 журналістам, якія знаходзіліся ў небяспецы.

У гэты Міжнародны дзень дэмакратыі мы пацвярджаем прыхільнасць Еўрапейскага саюза ўсім тым, хто працуе дзеля захавання дэмакратычных каштоўнасцей. Калі дэмакратыя знаходзіцца пад такім моцным ціскам, выкарыстанне магчымасцей для дэмакратычнага прагрэсу патрабуе трывалага партнёрства — паміж рэгіёнамі і ўрадамі, а таксама з міжнароднымі арганізацыямі, грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі СМІ. Сапраўдная сіла дэмакратыі ў людзях, якія абараняюць яе штодня. Еўрапейскі саюз заўсёды будзе падтрымліваць тых, хто гэта робіць.

Ahead of International Day of Democracy: Joint statement by Executive Vice-President Virkkunen, High Representative Kallas and Commissioner McGrath