Магерыні падкрэслівае важнасць адносін паміж ЕС і ЗША
«Адносіны паміж Еўрапейскім саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі з'яўляюцца трывалымі і не залежаць ад змены адміністрацыі», – сказала вярхоўны прадстаўнік ЕС Федэрыка Магерыні пасля заканчэння свайго двухдзённага візіту ў Вашынгтон, дзе яна правяла перамовы з новай адміністрацыяй ЗША і вышэйшым кіраўніцтвам Кангрэса.
«Мы лічым, што ёсць шмат сфер, дзе нашы пункты гледжання супадаюць і дзе для ЗША надзвычай важна працаваць з Еўрапейскім саюзам, а для Еўрапейскага саюза – з ЗША: хай гэта будзе барацьба з тэрарызмам, эканамічны рост ці стварэнне працоўных месцаў. Разам з тым нашы адносіны з ЗША, магчыма, уваходзяць у такі перыяд, калі яны будуць у большай ступені будавацца на прагматызме і ўзаемадзеянні і сыходзіць з прынцыпаў і інтарэсаў ЕС», – адзначыла Магерыні.
«Нашы эканамічныя сувязі неверагодна важныя. Мы з'яўляемся найбуйнейшым рынкам для ЗША і другой эканомікай свету. Значэнне і ўплыў Еўрапейскага саюза немагчыма пераацаніць, хоць я ведаю, што часам гэта ставіцца пад пытанне і тут, і ў Еўрапейскім саюзе».
Падчас свайго візіту вярхоўны прадстаўнік ЕС сустрэлася з Рэксам Тылерсанам, дзяржаўным сакратаром ЗША; Майклам Флінам, саветнікам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы; Джарэдам Кушнерам, старшым саветнікам прэзыдэнта ЗША; і шэрагам сенатараў, у тым ліку з Бобам Коркерам і Джонам Макейнам.
Яна абмеркавала падрабязна з афіцыйнымі асобамі ЗША розныя пытанні, уключаючы пытанні, датычныя Сірыі, барацьбы з тэрарызмам, Расіі і Украіны, Лівіі, выканання дамоўленасці па ядзернай праграме Ірана і блізкаўсходняга мірнага працэсу.
Гэтыя абмеркавання неўзабаве працягнуцца, паколькі Федэрыка Магерыні сустрэнецца з міністрам абароны ЗША Джэймсам Матысам на палях пасяджэння міністраў абароны краін НАТА ў сераду; з дзяржсакратаром ЗША Тылерсанам ў рамках сустрэчы міністраў замежных спраў "Вялікай дваццаткі" ў Боне; і з віцэ-прэзідэнтам ЗША Майклам Пенсам на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і цягам яго візіту ў Брусель 20 лютага.
Федэрыка Магерыні падкрэсліла моц і адзінства ЕС і той факт, што ЕС застанецца саюзам 28 дзяржаў да таго дня, пакуль не будуць завершаны перамовы аб выхадзе Вялікабрытаніі і пагадненне не ўступіць у сілу.
Кажучы пра абмеркаванне сітуацыі ў Украіне, яна адзначыла: «Мы сыходзімся ў поглядах у тым, што неабходна поўнае выкананне Мінскіх пагадненняў, і ў тым, што санкцыі зьвязаныя з поўным выкананнем Мінскіх пагадненняў».
Што датычыцца працэсу мірнага ўрэгулявання на Блізкім Усходзе, то вярхоўны прадстаўнік ЕС прама сказала: «Еўрапейцы з'яўляюцца сябрамі і Ізраіля, і Палестыны. Мы дзейнічаем у якасці добрасумленнага пасярэдніка і спрабуем стварыць прастору для іх збліжэння. Мы верым у прамыя перамовы, а не ў навязаныя рашэнні. І мы лічым, што на міжнароднай супольнасці ляжыць адказнасць па стварэнні ўмоў і прасторы, якія дазволяць бакам сустрэцца і знайсці іх уласны шлях да суіснавання дзвюх дзяржаў. У гэтым я цалкам згодная і з прэзідэнтам Абасам, і з прэм'ер-міністрам Нетаньяху».
Кажучы аб дамоўленасці па ядзернай праграме Ірана, яна падкрэсліла, што «надзвычай важна надаваць асаблівую ўвагу неабходнасці прытрымлівацца поўнага выканання дамоўленасці па ядзернай праграме, што, як мы бачым, адбываецца ўжо на працягу года».
Па пытанні міграцыі яна дадала: «Мы не хаваем, які менавіта шлях нам уяўляецца правільным. Гэта той шлях, якім мы ідзем. Ён заснаваны на супрацоўніцтве, партнёрстве, абароне правоў чалавека, выратаванні жыццяў людзей на моры і ў пустыні. На гэта накіраваны еўрапейскія намаганні па рэгуляванні маршрутаў міграцыі і глабальная праца ў сістэме ААН».
Відэа: «Размова з Федэрыкай Магерыні» — Атлантычны савет