Заява Прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў адносна падзей, якія адбыліся да і падчас сённяшняга Дня волі ў Беларусі
Еўрапейскі саюз уважліва сачыў за рэакцыяй беларускіх уладаў на нядаўнія дэманстрацыі. У апошнія дні мы бачылі штогадзінныя паведамленні аб прэвентыўных арыштах і затрыманнях па розных абвінавачваннях. Журналістаў каралі за асвятленне гэтых падзей. Такое падаўленне свабоды слова і сходаў супярэчыць заяўленай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязальніцтвам.
Як да, так і падчас падзей Дня волі і нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці праяўляць стрыманасць, рэакцыя сілавых ведамстваў была безразборлівай і неналежнай. У офісе праваабарончага цэнтра "Вясна" адбылася аблава. Звычайных грамадзян затрымлівалі ў вялікай колькасці без якіх-кольвек бачных прычын. У сувязі з гэтым мы нагадваем, што прымяненне сілы супраць удзельнікаў мірных пратэстаў не можа быць апраўдана ні пры якіх абставінах.
Асноўныя правы і свабоды, у тым ліку свабоды слова, сходаў і асацыяцый, павінны быць забяспечаныя. Усе мірныя грамадзяне, затрыманыя за апошні час, павінны быць неадкладна вызваленыя.
Крокі з боку Беларусі да забеспячэння ўніверсальных фундаментальных свабод, вяршэнства права і правоў чалавека застануцца ключом да фарміравання адносін Еўрапейскага саюза з гэтай краінай.