Заява Прадстаўніцтва ЕС у сувязі з вынясеннем у Беларусі смяротнага прысуду
17 сакавіка 2017 года ў Беларусі быў вынесены смяротны прысуд Аляксею Міхаленю, што супярэчыць абавязальніцтву, узятаму на сябе ўладамі, разгледзець пытанне ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнай кары.
Аляксей Міхаленя быў асуджаны за цяжкае злачынства, і мы выказваем самыя глыбокія спачуванні родным і блізкім ахвяр.
Еўрапейскі саюз выступае супраць вышэйшай меры пакарання ва ўсіх выпадках без выключэнняў. Смяротнае пакаранне ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і не стрымлівае злачыннасць.
Мы заклікаем Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыя на прымяненне смяротнай кары ў якасці першага кроку да яе адмены.
Заўважныя крокі з боку Беларусі да забеспячэння ўніверсальных асноўных свабод, вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку ў дачыненні да праблемы смяротнага пакарання, па-ранейшаму будуць ключавым пытаннем пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі.