Працягваючы глабальнае змаганне за захаванне клімату
Падпісаўшы Парыжскае пагадненне і абавязаўшыся захоўваць самую крыніцу жыцця: нашу планету і яе прыроду—наш свет узяў на сябе адказнасць за сваю сучаснасць і будучыню. Пагадненне аб прадухіленні кліматычных зменаў з'яўляецца беспрэцэдэнтным прыкладам шматбаковага партнёрства паміж амаль 200 краінамі, падтрыманага прадпрыемствамі і супольнасцямі па ўсім свеце і накіраванага на вырашэнне праблемы, якая стаіць перад усімі намі. Гэта задача, якую мы можам вырашаць толькі разам, і з самага пачатку Еўропа была ў авангардзе гэтага калектыўнага руху.
Тым часам усё часцей прызнаецца, што сумесным дзеянням няма альтэрнатывы. Сёння ў большай ступені чым калі-небудзь раней Еўропа застаецца вернай гэтаму эпахальнаму пагадненню, якое будзе рэалізоўвацца за кошт эфектыўнай палітыкі ў галіне клімату і ўмацавання супрацоўніцтва ў мэтах стварэння трывалых партнёрскіх адносін, а таксама далейшай падтрымкі самых бедных і ўразлівых груп насельніцтва. Мы бачым, як усё большая колькасць людзей вымушана пераязджаць, цярпець галечу з-за засухі ці паводкі, звязаных са змяненнем клімату. Для Еўропы барацьба са зменай клімату з'яўляецца пытаннем палітычнай адказнасці і шматбаковага ўзаемадзеяння, а таксама пытаннем бяспекі і перадумовай прадухілення канфліктаў і нават радыкалізацыі.
Менавіта таму Еўрапейскі саюз не будзе пераглядаць Парыжскае пагадненне. Мы патрацілі 20 гадоў на перамовы. Цяпер настаў час для дзеянняў, прыярытэтам для свету з'яўляецца рэалізацыя.
І зараз, змагаючыся супраць кліматычных зменаў дзеля будучыні, мы ствараем безліч магчымасцяў дзеля сучаснасці шляхам распрацоўкі новых і больш эфектыўных падыходаў да вытворчасці і спажывання, інвеставання і гандлю і абароны жыцця, рэсурсаў і крыніц даходу на карысць усіх людзей, а таксама ўсёй планеты.
Для паскарэння ўсеагульнага пераходу да мадэлі развіцця, якое характарызавалася б нізкім ўзроўнем выкідаў і кліматычнай устойлівасцю, мы пачалі ўмацоўваць нашы існуючыя партнёрскія адносіны, шукаць і знаходзіць новых саюзнікаў—ад найбуйнейшых эканомік свету да найбольш уразлівых астраўных дзяржаў. І гэта правільна, бо ад Арктыкі да Сахель змяненне клімату з'яўляецца сучаснай рэальнасцю, а не аддаленай небяспекай у будучыні.
Мы чакаем, што ўсе краіны далучацца да Парыжскага пагаднення і рэалізуюць свае заявы на практыцы праз імплементацыю сваіх нацыянальных кліматычных планаў і паступовую актывізацыю сваіх намаганняў. Планы павінны быць неадкладна ператвораны ў канкрэтныя, дзейсныя праграмы і меры.
Еўрапейскі саюз ужо скончвае працу над заканадаўчай і нарматыўнай базай, неабходнай для выканання нашых абавязкаў па Парыжскім пагадненні, скарачэння выкідаў як мінімум на 40% да 2030 года ў параўнанні з 1990 годам. Нашы заканадаўчыя меры датычаць усіх галін эканомікі. Мы надаем першаснае значэнне энергаэфектыўнасці і павялічваем выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі па ўсім блоку.
Змаганне са змяненнем клімату ідзе поруч з эканамічным ростам. Возьмем ЕС: нашы выкіды знізіліся на 22% у параўнанні з 1990 годам, у той час як агульны аб'ём ВУП ЕС вырас на 50%. За гэты перыяд мы стварылі новыя працоўныя месцы, прадпрыемствы і тэхналогіі. Мы рыхтуем нашы эканомікі да будучыні і адначасова інвестуем ў павелічэнне ўстойлівасці нашых грамадстваў да кліматычных зменаў дзеля зніжэння цяперашніх і будучых рызык.
Мы маем больш чым дваццацігадовы вопыт распрацоўкі і рэалізацыі маштабных праграм у кліматычнай сферы, і мы гатовы падзяліцца сваім вопытам і вынесенымі ўрокамі. Не выпадкова, што мы ўжо шырока супрацоўнічаем па пытаннях кліматычнай палітыкі з ключавымі партнёрамі па ўсім свеце. Мы таксама будзем працягваць прадастаўленне значных сродкаў для падтрымкі захадаў па прадухіленні кліматычных зменаў у краінах-партнёрах. Толькі ў 2015 годзе падтрымка ЕС склала 17,6 мільярдаў еўра.
Праз некалькі месяцаў, у лістападзе гэтага года, краіны збяруцца ў Боне на наступную канферэнцыю ААН па клімаце – COP23, – каб працягваць распрацоўку праграмы дзеянняў па рэалізацыі Парыжскага пагаднення. У наступным годзе дапаможны дыялог, які адбудзецца ў рамках кліматычнага працэсу ААН, будзе першай магчымасцю з часоў падпісання Парыжскага пагаднення для таго, каб прааналізаваць нашыя калектыўны намаганні па стрыманні глабальнага пацяплення і ацаніць тое, што мы канкрэтна зрабілі для выканання ўзятых абавязальніцтваў. Гэта ключавыя крокі для ажыццяўлення на практыцы палітычнага пагаднення, дасягнутага ў Парыжы.
Тым не менш, гэта задача, якую мы можам вырашыць толькі з максімальным адначасовым прыцягненнем грамадзянскай супольнасці, бізнесу, мясцовых супольнасцяў, гарадоў і рэгіёнаў. І мы бачым беспрэцэдэнтную шырыню і маштаб дзеянняў з боку ўсіх гэтых суб'ектаў. Як інстытуты можам ствараць і падтрымліваць стратэгіі, неабходныя для захавання навакольнага асяроддзя, але менавіта яны іграюць вырашальную ролю ў ператварэнні палітыкі ў канкрэтныя дзеянні і вынікі на месцах. Наш новы Кансэнсус ЕС па развіцці актыўна спрыяе ім у выкананні гэтай ролі. Пашырэнне супрацоўніцтва і каардынацыі паміж усімі зацікаўленымі бакамі з'яўляюцца ключавой ці, мы б сказалі, галоўнай умовай поспеху. Бо толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам дасягнуць пастаўленых перад сабой амбіцыйных мэт і скарыстацца шматлікімі перавагамі ўзгодненых дзеянняў: змяншэннем аб'ему выкідаў, павышэннем энергетычнай бяспекі і энергаэфектыўнасці, ростам за кошт інавацый, стварэннем працоўных месцаў, павелічэннем устойлівасці грамадства і паляпшэннем стану навакольнага асяроддзя.
Падпісанне Парыжскага пагаднення было вырашальным момантам у кантэксце глабальнага выкліку захаванню планеты для цяперашняга і будучых пакаленняў. ЕС поўны рашучасці не толькі рэалізаваць Парыжскае пагадненне, але і ўсталяваць моцныя глабальныя партнёрскія сувязі для атрымання людзьмі рэальных, адчувальных вынікаў ад дыпламатыі і плюралізму. Наш свет, наша планета могуць разлічваць на Еўрапейскі саюз.
Федэрыка Магерыні
Высокі прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі
Мігель Арыяс Каньетэ
Камісар па пытаннях клімату і энергетыкі