Еўрапейскі і Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання - 10 кастрычніка 2022 года: сумесная заява Высокага прадстаўніка ад імя Еўрапейскага саюза і Генеральнага сакратара Савета Еўропы

З нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня барацьбы са смяротным пакараннем Еўрапейскі саюз (ЕС) і Савет Еўропы рашуча пацвярджаюць сваё безумоўнае непрыманне смяротнага пакарання заўсёды, усюды і пры любых абставінах.
У гэтым годзе адзначаецца дваццатая гадавіна ўступлення ў сілу Пратакола 13 да Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека (ЕКПЧ), які тычыцца адмены смяротнага пакарання пры любых абставінах. Мы вітаем усе тыя дзяржавы-члены Савета Еўропы (уключаючы ўсе дзяржавы-члены ЕС), якія адмянілі смяротную кару пры любых абставінах, і заклікаем дзве апошнія дзяржавы-члены Савета Еўропы, якія яшчэ не далучыліся да гэтага Пратакола – Арменію і Азербайджан – зрабіць гэта без прамаруджвання.
Няўхільнае скарачэнне ва ўсім свеце колькасці дзяржаў, якія ўсё яшчэ прымяняюць смяротнае пакаранне, пацвярджае глабальную тэндэнцыю да адмовы ад гэтага жорсткага, бесчалавечнага і неэфектыўнага пакарання. Меншасць з 18 дзяржаў – 9% ад агульнай колькасці дзяржаў-членаў ААН – па-ранейшаму прыводзілі ў выкананне смяротныя прысуды ў 2021 годзе. Мы заклікаем гэтыя дзяржавы ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены.
ЕС і Савет Еўропы рашуча асуджаюць смяротныя прысуды, нядаўна вынесеныя ў акупаваным украінскім горадзе Данецку. Мы падкрэсліваем, што гэтыя прысуды несумяшчальныя як з еўрапейскім заканадаўствам у сферы правоў чалавека, так і з міжнародным правам, у тым ліку з Жэнеўскімі канвенцыямі, і з палёгкай вітаем вызваленне асуджаных. У роўнай ступені мы асуджаем палітычна матываваную змену да Крымінальнага кодэксу Беларусі, якая прадугледжвае распаўсюджванне смяротнага пакарання на «замах на здзяйсненне акту тэрарызму» з канчатковай мэтай барацьбы з палітычнымі дысідэнтамі, і заклікаем улады адмяніць гэтае рашэнне. Мы таксама заклікаем Сінгапур, Іран, Саудаўскую Аравію і іншыя краіны, якія апошнім часам павялічылі колькасць пакараных смерцю, далучыцца да агульнасусветнай тэндэнцыі і адмовіцца ад прымянення гэтага бесчалавечнага пакарання.
ЕС і Савет Еўропы высока ацэньваюць ратыфікацыю Казахстанам Другога Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену пакарання смерцю ва ўсім свеце. Мы таксама ўхваляем рашэнне Папуа-Новай Гвінеі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і Экватарыяльнай Гвінеі адмяніць смяротнаен пакаранне ў гэтым годзе.
Бесчалавечнае і прыніжальнае годнасць абыходжанне – неад'емная характарыстыка смяротнага пакарання. Знаходжанне ў камеры смяротнікаў садзейнічае доўгачасоваму пагаршэнню фізічнага і псіхалагічнага здароўя чалавека. Душэўныя пакуты ў чаканні пакарання і жорсткія метады пакарання супярэчаць артыкулу 3 ЕКПЧ, што даўно прызнана ў рашэннях Еўрапейскага суда па правах чалавека.
Нарэшце, ЕС і Савет Еўропы заклікаюць усе дзяржавы далучыцца да Глабальнага альянсу за гандаль без катаванняў, які быў створаны ў 2017 годзе і ў цяперашні час уключае 62 дзяржавы, прыхільныя абмежаванню гандлю таварамі, якія выкарыстоўваюцца для прымянення катаванняў і смяротнага пакарання.
Смяротнае пакаранне з'яўляецца бесчалавечнай і зняважлівай для годнасці формай абыходжання, якая супярэчыць чалавечай годнасці. Яна не служыць фактарам стрымання злачыннасці. Ні адна прававая сістэма не застрахавана ад судовых памылак, што можа прывесці да гібелі нявінных людзей. Мы не спынім сваю кампанію да таго часу, пакуль смяротнае пакаранне больш не будзе прымяняцца.