Заява ЕС на пяцідзясятай сесіі СПЧ ААН: інтэрактыўны дыялог са спецыяльным дакладчыкам па Беларусі
Спадар старшыня,
ЕС хацеў бы падзякаваць Спецыяльнаму дакладчыку за яе справаздачу.
Мы вельмі занепакоены ўзмацненнем сістэматычных і масавых рэпрэсій і атак на грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў і незалежныя СМІ ў Беларусі.
Колькасць палітвязняў перавысіла 1200 чалавек і працягвае расці. Затрыманыя, у тым ліку жанчыны і дзеці, утрымліваюцца ў бесчалавечных умовах, падвяргаюцца катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання, пазбаўлены права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Мы шакаваны паведамленнямі аб адвольных пакараннях зняволеных смерцю і яшчэ раз настойліва заклікаем Беларусь увесці мараторый на смяротную кару ў якасці першага кроку да яе адмены.
Мы глыбока занепакоены далейшым узмацненнем заканадаўчых абмежаванняў правоў на свабоду выказвання, у тым ліку доступ да інфармацыі, свабоду мірных сходаў і асацыяцый і іншыя правы чалавека. У прыватнасці, мы асуджаем нядаўнія папраўкі да Крымінальнага кодэкса, якія пашыраюць прымяненне пакарання смерцю. Мы таксама занепакоены паведамленнямі аб негатыўных і патэнцыйна далёка ідучых наступствах для правоў чалавека некаторых нядаўна прынятых палажэнняў новай канстытуцыі.
Мы працягваем заклікаць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў і зняць з іх усе абвінавачанні, спыніць жорсткае запалохванне і карныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў і іншых працаўнікоў СМІ, прафсаюзаў, прадстаўнікоў нацыянальных і іншых меншасцяў, а таксама іншых асоб выключна за ажыццяўленне іх правоў чалавека і фундаментальных свабод.
Мы рашуча асуджаем дачыненне Беларусі да агрэсіі Расіі супраць Украіны, а таксама яе рэпрэсіі ў дачыненні да асоб, якія выступаюць супраць гэтай агрэсіўнай вайны, і абмежаванне доступу да інфармацыі аб вайне.
Мы па-ранейшаму заклікаем Беларусь супрацоўнічаць з міжнароднымі механізмамі па маніторынгу правоў чалавека, выконваць іх рэкамендацыі, поўнасцю выконваць свае абавязацельствы па міжнародным праве і ствараць бяспечнае асяроддзе, у якім кожны можа ў роўнай ступені і ў поўнай меры карыстацца ўсімі правамі чалавека.
Спадарыня спецыяльны дакладчык, не маглі б Вы ўдакладніць, як мы можам лепш падтрымліваць прыгнечаную грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ ў Беларусі?
Дзякуй.