Заява ЕС на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН у сувязі з аб'яўленнем Расіі аб размяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі
Спадар Старшыня!
Я маю гонар зрабіць гэтую заяву ад імя ЕС і яго дзяржаў-членаў.
Краіны-кандыдаты, Паўночная Македонія*, Чарнагорыя*, Рэспубліка Малдова, Украіна і Боснія і Герцагавіна*, патэнцыйная краіна-кандыдат Грузія і член Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю Ліхтэнштэйн, які з'яўляецца таксама членам Еўрапейскай эканамічнай зоны, а таксама Андора, Манака і Сан-Марына далучаюцца да гэтай заявы.
ЕС асуджае заяву Расіі ад 25 сакавіка аб сваім намеры размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі і аб тым, што адпаведнае пагадненне дасягнута з Беларуссю.
Гэта заява – частка безразважнай ядзернай рыторыкі Расіі, якая працягваецца, – уяўляе сабой яшчэ адзін безадказны крок, які абвастрае і без таго напружаную сітуацыю з прычыны незаконнай і неапраўданай захопніцкай вайны Расіі супраць Украіны. Усяго месяц таму Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю аб усёабдымным, справядлівым і трывалым міры ва Украіне, якая заклікае ўсе дзяржавы-члены да супрацоўніцтва ў духу салідарнасці для пераадолення глабальных наступстваў вайны, у тым ліку для ядзернай бяспекі.
Беларускі рэжым з'яўляецца саўдзельнікам захопніцкай вайны Расіі супраць Украіны. Выключэнне з прынятай у мінулым годзе перагледжанай канстытуцыі сцвярджэння аб бяз'ядзерным статусе Беларусі з'яўляецца падзеяй, якая выклікае трывогу. Зробленая на мінулым тыдні аб'ява аб тым, што Расія мае намер размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца яшчэ адным небяспечным крокам. Пагрозы ядзернай зброяй і яе прымяненне недапушчальныя. Рашэнне Расіі не аслабіць нашу рашучасць падтрымліваць Украіну.
Аднак Беларусь усё яшчэ можа адмовіцца ад размяшчэння расійскай ядзернай зброі. Таму мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць сваю падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны і адмяніць любое рашэнне, якое толькі садзейнічала б абвастрэнню напружанасці ў рэгіёне.
Спадар Старшыня!
5 снежня 1994 года тры дэпазітарыі Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, уключаючы Расію, падпісалі Будапешцкі мемарандум з Украінай, Беларуссю і Казахстанам, адпаведна, пасля іх далучэння да ДНЯЗ. Акрамя пацвярджэння дэпазітарыямі, у тым ліку Расіяй, абавязацельстваў "паважаць незалежнасць і суверэнітэт і існуючыя межы" Украіны, Беларусі і Казахстана і "ўстрымлівацца ад пагрозы альбо прымянення сілы" адносна іх "тэрытарыяльнай цэласнасці альбо палітычнай незалежнасці", Мемарандумы таксама ўлічваюць абавязацельствы трох дзяржаў, якія далучыліся да ДНЯЗ, уключаючы, у прыватнасці, Беларусь, «ліквідаваць усю ядзерную зброю са [сваёй] тэрыторыі».
Нагадаю, што крыху больш за год таму – 3 студзеня 2022 года – Расія падпісала сумесную заяву ядзерных дзяржаў ДНЯЗ, пацвердзіўшы, што «ядзерную вайну нельга выйграць і ніколі нельга весці». Акрамя таго, яна пацвердзіла гэтае абавязацельства ўсяго за тры дні да сваёй заявы ад 25 сакавіка ў сумеснай заяве з Кітаем ад 22 сакавіка.
Сваёй непрымальнай і небяспечнай ядзернай рыторыкай, рэгулярнымі намёкамі на прымяненне ядзернай зброі ў распачатай ёю ж агрэсіўнай вайне і разам з заявай ад 25 сакавіка аб размяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі Расія абуральным чынам парушае абавязацельствы, якія яна ўзялася абараняць. Абвешчаны крок таксама ідзе насуперак зафіксаванаму ў Будапешцкім мемарандуме абавязацельству Беларусі «ліквідаваць усю ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі».
Таму ЕС заклікае Расію і Беларусь адмяніць гэтае рашэнне і выконваць усе свае вышэйзгаданыя абавязацельствы. ЕС таксама заклікае Расію аднавіць рэалізацыю Дамовы паміж Расійскай Федэрацыяй і Злучанымі Штатамі Амерыкі аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-III).
ЕС і яго дзяржавы-члены будуць працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у каардынацыі з партнёрамі-аднадумцамі.
Дзякуй, спадар Старшыня.
* Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія, Албанія і Боснія і Герцагавіна працягваюць удзельнічаць у Працэсе стабілізацыі і асацыяцыі.