Заява ЕС у рамках Трэцяга камітэта Генеральнай Асамблеі ААН: інтэрактыўны дыялог па правах чалавека ў Беларусі
Спадарыня Спецыяльны дакладчык.
ЕС хацеў бы падзякаваць Вам за Вашу справаздачу.
Прайшло ўжо больш за тры гады з таго часу, як беларускія ўлады ў Мінску распачалі шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць народа Беларусі, які мірным шляхам дамагаўся дэмакратычнага кіравання. З таго часу беларускія ўлады ажыццяўляюць шырокамаштабны наступ на беларускую грамадзянскую супольнасць, дэмакратычныя рухі, журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ, асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцяў, прафсаюзаў і больш шырокай праваабарончай супольнасці. ЕС глыбока занепакоены апошнім дакладам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, які гаворыць пра задакументаваныя парушэнні, якія могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці.
Мы ўстрывожаныя ўсё большай тэндэнцыяй да інструменталізацыі нацыянальнага заканадаўства з мэтай звужэння грамадзянскай прасторы Беларусі і падаўлення любых крытычных галасоў, што Вы падрабязна апісваеце ў сваім дакладзе, і ў сувязі з гэтым мы асуджаем нядаўняе прызнанне Праваабарончага цэнтру “Вясна” “экстрэмісцкім фарміраваннем”, у выніку чаго любы прадстаўнік гэтай арганізацыі можа быць прыцягнуты да адказнасці проста за працу ў ёй.
ЕС заклікае ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных і затрыманых праваабаронцаў, у тым ліку асуджаных па палітычна матываваных абвінавачаннях у "экстрэмізме" ці "тэрарызме", а таксама спыніць жорсткія рэпрэсіі і запалохванне грамадзянскай супольнасці. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе смяротнае пакаранне ўсё яшчэ выкарыстоўваецца, а падставы для яго прымянення нядаўна былі пашыраны і цяпер распаўсюджваюцца на дысідэнтаў. Мы паўтараем наш заклік да Беларусі ўвесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання ў якасці першага кроку да яго поўнай адмены, у адпаведнасці з сусветнай тэндэнцыяй.
ЕС рашуча настроены займацца сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і працягне падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненні да дэмакратыі, у тым ліку праз падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ. У гэтым рэчышчы ў чэрвені 2023 года Высокі прадстаўнік ЕС стварыў новую кансультатыўную групу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю, каб дапамагчы сфармаваць далейшыя дзеянні ЕС у падтрымку намаганняў беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.
Спадарыня Спецыяльны дакладчык.
Ужо больш за паўтара года беларускія ўлады выступаюць саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Яны робяць гэта насуперак волі пераважнай большасці беларусаў. Беларускія ўлады дазвалялі Расіі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для ўварвання ва Украіну, для пуску сваіх ракет, што само па сабе з'яўляецца актам агрэсіі. Беларусь прадастаўляе Маскве поўную палітычную і лагістычную падтрымку і ўдзельнічае ў гвалтоўным перамяшчэнні і дэпартацыі Расіяй украінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб. Нядаўняе размяшчэнне ў Беларусі групы “Вагнер”, інструменталізацыя мігрантаў у палітычных мэтах, якая працягваецца, і аб'яўленае перамяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак у Беларусь таксама аказвае дэстабілізуючае ўздзеянне на рэгіён і яшчэ больш падрывае незалежнасць Беларусі. ЕС заклікае беларускія ўлады спыніць садзейнічанне агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны. Мы самым рашучым чынам асуджаем гвалтоўнае перамяшчэнне Расіяй украінскіх дзяцей унутры тэрыторый, якія часова кантралююцца Расіяй, і іх дэпартацыю ў Расійскую Федэрацыю і Беларусь і настойліва заклікаем Беларусь неадкладна забяспечыць іх бяспечнае вяртанне.
Спадарыня Спецыяльны дакладчык.
У сваім дакладзе Вы апісваеце злоўжыванні беларускімі ўладамі заканадаўствам і мерамі па супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму з мэтай заглушыць любое фактычнае альбо меркаванае іншадумства ў краіне і звузіць грамадзянскую прастору, якая застаецца. Нас асабліва непакоіць выключэнне прэзумпцыі невінаватасці і права на справядлівае судовае разбіральніцтва з антытэрарыстычнага заканадаўства. Ці можаце Вы расказаць падрабязней пра інструменты, якія ёсць у распараджэнні сістэмы ААН, якія дапамогуць прывесці беларускае заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам у адпаведнасць з прынцыпамі законнасці і павагі правоў чалавека?
Урэшце, мы паўтараем наш заклік да Беларусі супрацоўнічаць з міжнароднымі механізмамі маніторынгу правоў чалавека, у тым ліку з Вашым мандатам.
Дзякуй Вам.