Еўрапейскі і Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання: сумесная заява Высокага прадстаўніка EC і Генеральнага сакратара Савета Еўропы
Еўрапейскі cаюз (ЕС) і Савет Еўропы рашуча пацвярджаюць сваё адназначнае непрыманне смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і пры любых абставінах.
Больш за дзве траціны ўсіх краін адмянілі смяротнае пакаранне на заканадаўчым узроўні або на практыцы. У 2024 годзе мы віталі адмену смяротнага пакарання Зімбабвэ і ратыфікацыю другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах Замбіяй і Кот-д'Івуарам. У тым жа годзе рэкордная колькасць краін — 130 — прагаласавала за рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб мараторыі на прымяненне смяротнага пакарання.
Нягледзячы на ўзмацненне сусветнай тэндэнцыі ў падтрымку адмены смяротнага пакарання, смяротнае пакаранне ўсё яшчэ выконваецца ў некаторых краінах. Пяццю краінамі з найбольшай колькасцю пакаранняў смерцю ў 2024 годзе былі Кітай, Іран, Саудаўская Аравія, Ірак і Емен. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль захоўваецца смяротнае пакаранне. Пакаранні смерцю працягваюць выконваць і ў Злучаных Штатах.
Мы заклікаем тыя нешматлікія дзяржавы, якія дагэтуль выконваюць смяротныя прысуды, увесці заканадаўчы мараторый у якасці першага кроку да поўнай адмены смяротнай кары.
Прыхільнікі смяротнага пакарання часта абгунтоўваюць сваю пазіцыю эфектам стрымлівання. Аднак даследаванні паслядоўна паказваюць, што ў дзяржавах, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, узровень злачыннасці не ніжэйшы, чым у дзяржавах без яго. Смяротнае пакаранне таксама робіць незваротнымі судовыя памылкі і немагчымай любое выпраўленне і сацыяльную рэабілітацыю.
Савет Еўропы і ЕС будуць працягваць супрацьстаяць наратывам, якія прасоўваюць паўторнае ўвядзенне смяротнага пакарання, у тым ліку ў Еўропе, і спрыяць адкрытай і дэмакратычнай дыскусіі на шляху да яго поўнай адмены ва ўсіх частках свету. У гэтай сувязі мы вітаем арганізацыю рэгіянальнага Кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Японіі ў лістападзе 2025 года і Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Францыі ў 2026 годзе. Гэтыя сустрэчы дэманструюць важную лідарскую ролю грамадзянскай супольнасці ў адстойванні інтарэсаў свету, свабоднага ад смяротнага пакарання.
Смяротнае пакаранне, у тым ліку працэс, які вядзе да яго выканання, уяўляе сабой бесчалавечнае або прыніжальнае годнасць абыходжанне або пакаранне, а таксама абсалютнае адмаўленне чалавечай годнасці. ЕС і Савет Еўропы заклікаюць да яго адмены.