Беларусь: ЕС заяўляе дэмарш пра незаконныя перасячэнні мяжы
Сёння Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі заявіла дэмарш Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь у сувязі з незаконнымі перасячэннямі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз. Еўрапейская служба знешніх дзеянняў сцвярджае, што 50-кратнае павелічэнне нерэгулярных пераходаў мяжы з Беларусі ў ЕС не з'яўляецца адлюстраваннем няздольнасці ўладаў Беларусі выконваць свае абавязальніцтвы ў барацьбе з незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі. Для такога рэзкага росту колькасці нелегальных пераходаў мяжы на дадзеным маршруце няма аб'ектыўных прычын. ЕС асуджае выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах і настойліва заклікае ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку. Нерэгулярная міграцыя не можа быць прадметам гандлю. З кастрычніка 2020 года, калі Савет ЕС прыняў Высновы пра сітуацыю ў Беларусі, улады Беларусі поўнасцю інфармаваныя пра паступовы падыход ЕС да прымянення санкцый і пра умовы зняцця Еўрапейскім саюзам абмежавальных мер і нармалізацыі адносін. Еўрапейскі саюз па-ранейшаму гатовы істотна нарасціць палітычнае ўзаемадзеянне, галіновае супрацоўніцтва, а таксама фінансавую дапамогу Беларусі пры ўмове, што яе ўлады спыняць рэпрэсіі, забяспечаць сур'ёзны інклюзіўны палітычны працэс, які заслугоўваў бы даверу, у выніку якога адбудуцца свабодныя і справядлівыя выбары пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ, а таксама гарантуюць захаванне вяршэнства права і правоў чалавека.