Беларусь: ЕС прыняў новы пакет абмежавальных мер у сувязі з унутранымі рэпрэсіямі

Сёння Савет Еўрапейскага саюза прыняў рашэнне ўвесці абмежавальныя меры ў дачыненні да яшчэ 12 фізічных і 8 юрыдычных асоб за іх ролю ва унутраных рэпрэсіях і парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, якія працягваюцца. Гэтыя меры дапаўняюць меры, прынятыя сёння ў кантэксце ўдзелу Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны, і ўяўляюць сабой шосты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, звязаных з унутранай сітуацыяй у Беларусі.

«Гэты нелегітымны рэжым працягвае шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека і жорсткія рэпрэсіі ў адносінах да ўсіх слаёў беларускага грамадства. Еўрапейскі саюз па-ранейшаму салідарны з народам Беларусі. Гэты шосты раунд санкцый – яшчэ адзін прыклад нашай рашучасці дзейнічаць, калі парушаюцца правы чалавека», – сказаў Высокі прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

Сённяшняе рашэнне накіравана супраць вядомых дзеячаў, вінаватых у парушэннях правоў чалавека, якія працягаюцца, альбо сур'ёзным падрыве дэмакратыі і вяршэнства права ў Беларусі. Унесеныя ў санкцыйны спіс асобы нясуць адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, альбо атрымліваюць выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваюць яго. Спіс быў дапоўнены высокапастаўленымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, бізнесменамі і членамі іх сем'яў, прадстаўнікамі судовай улады і вядомымі прапагандыстамі, адказнымі за распаўсюджванне дэзінфармацыі і заклікі да гвалту.

Сённяшні пакет санкцый, шосты з кастрычніка 2020 года, таксама накіраваны супраць такіх кампаній, як «Беларуськалій», асноўны вытворца калію ў Беларусі, і яго экспартнае падраздзяленне "Беларуская калійная кампанія", дзяржаўнай тэлерадыёвяшчальнай кампаніі "Белтэлерадыёкампанія", а таксама іншых кампаній, якія вырабляюць тытунёвую прадукцыю і сродкі грамадскага транспарту.

Увогуле абмежавальныя меры ЕС у адносінах да Беларусі цяпер распаўсюджваюцца на 195 фізічных і 35 юрыдычных асоб. Актывы асоб, уключаных у спіс, падлягаюць замарожванню, а грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена даваць ім сродкі. Акрамя таго, на фізічных асоб распаўсюджваецца забарона на паездкі, якая перашкаджае іх уезду альбо транзіту праз тэрыторыю ЕС.

Адпаведныя прававыя акты, у тым ліку імёны ўзгаданых асоб, былі апублікаваны ў Афіцыйным часопісе.

ЕС гатовы падтрымаць мірны пераход да дэмакратыі ў Беларусі. Ён таксама гатовы прыняць дадатковыя абмежавальныя меры, калі сітуацыя ў краіне не палепшыцца.

Для даведкі

З кастрычніка 2020 года ЕС паступова пашырае свае абмежавальныя меры ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі.

15 лістапада 2021 года Савет унёс папраўкі ў крытэрыі ўключэння ў санкцыйны спіс, якія дазваляюць прымяняць мэтанакіраваныя абмежавальныя меры ў дачыненні да тых, хто арганізуе альбо садзейнічае дзейнасці рэжыму Лукашэнкі, якая спрыяе незаконнаму перасячэнню знешніх межаў ЕС.

Нядаўна тэрмін дзеяння абмежавальных мер у сувязі з унутранай сітуацыяй у Беларусі быў працягнуты на адзін год, да 28 лютага 2023 года.

У кантэксце ж міжнародных падзей з лютага 2022 года ЕС самым рашучым чынам асудзіў дачыненне Беларусі да несправакаванага і неабгрунтаванага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну і, як вынік, прыняў шэраг абмежавальных мер.