Беларусь: заява Высокага прадстаўніка ад імя ЕС з нагоды трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў

9 жніўня адзначаецца трэцяя гадавіна сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У гэты дзень тры гады таму сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна абараніць сваё права на выбар уласнай будучыні. Гэтыя спантанныя дэманстрацыі былі з надзвычайнай жорсткасцю падаўлены рэжымам Лукашэнкі.

Сёння, праз тры гады, для тых, хто адважваецца выказваць любую крытыку сістэмы, сітуацыя горшая, чым калі-небудзь раней. Мы глыбока занепакоены станам правоў чалавека ў Беларусі. У цяперашні час каля 1500 палітычных зняволеных утрымліваюцца ў жахлівых умовах, падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і катаванням, не маючы доступу да базавых медыцынскіх паслуг. Многія з гэтых зняволеных на працягу месяцаў пазбаўлены сувязі са сваімі адвакатамі і сваякамі, якія не ведаюць аб іх цяперашнім месцазнаходжанні і стане здароўя. У сваёй апошняй справаздачы Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заявіў, што некаторыя з шырока распаўсюджаных, сістэматычных і грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі могуць быць прыроўнены да злачынстваў супраць чалавечнасці. ЕС працягвае трымаць гэтую сітуацыю ў цэнтры глабальнага парадку дня міжнародных форумаў і прасоўваць намаганні, накіраваныя на прыцягненне да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

Рэжым Лукашэнкі таксама стаў пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы з-за такіх дзеянняў, як прымусовая пасадка грамадзянскага самалёта ў маі 2021 года і выкарыстанне нерэгулярнай міграцыі на ўсходніх межах ЕС у якасці інструменту. З 24 лютага 2022 года рэжым стаў саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, паставіўшы пад пагрозу ўласны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, каб падтрымліваць злачынствы Расіі ва Украіне. Гэты саўдзел даў магчымасць Расіі незаконна дэпартаваць украінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю. 26 мая 2023 года Расія і Беларусь зрабілі яшчэ адзін крок да эскалацыі, падпісаўшы пагадненне, якое дазваляе размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на беларускай тэрыторыі. ЕС занепакоены нядаўнім размяшчэннем у Беларусі наймітаў "Вагнер", іх дэстабілізуючым уплывам у рэгіёне і рызыкай, якую яны ўяўляюць для суверэнітэту Беларусі.

Мы прынялі санкцыі ў адказ на рэпрэсіі супраць усіх незалежных галасоў і супраць асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцяў, парушэнні міжнароднага права і падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны рэжымам Лукашэнкі. Апошні пакет санкцый з'яўляецца адказам на парушэнні правоў чалавека і ўнутраныя рэпрэсіі, якія пастаянна ўзмацняюцца, і сігналам аб тым, што ЕС застаецца ў поўнай меры ўцягнуты ў намаганні па абароне правоў чалавека і дэмакратыі. Ён таксама накіраваны на зніжэнне рызыкі абыходу санкцый. ЕС будзе працягваць ціснуць на беларускі рэжым так доўга, як гэта спатрэбіцца.

ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху. Рашучасць беларускага народа, які з высокай рызыкай для сябе працягвае адстойваць дэмакратыю, з'яўляецца фактарам, які ўсяляе вялікую надзею. ЕС аказвае падтрымку ахвярам рэпрэсій, праваабаронцам, арганізацыям грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і журналістам, студэнтам і кампаніям у выгнанні, а таксама ініцыятывам, накіраваным на захаванне беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы.

Мы заклікаем улады Беларусі ўступіць у сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі слаямі грамадства, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў. ЕС абавязваецца дапамагчы Беларусі стабілізаваць сваю эканоміку і рэфармаваць свае інстытуты, калі Беларусь стане на шлях пераходу да дэмакратыі. Наша мэта – садзейнічаць павышэнню ўстойлівасці і ажыццяўленню новых дэмакратычных рэформ, ствараць новыя працоўныя месцы і павышаць узровень жыцця людзей, у тым ліку праз Усеабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі з бюджэтам да 3 мільярдаў еўра.

ЕС будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна, на іх шляху да пабудовы незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны, якая б з'яўлялася часткай мірнай Еўропы.