Год вайны Расіі супраць Украіны: дзейнічаць разам дзеля перамогі міжнароднага права

Жазэп Барэль

24 лютага 2022 года назаўжды застанецца ў памяці як дзень, калі Расія пачала жорсткае, несправакаванае і незаконнае ўварванне ва Украіну. Яно было і застаецца прыкладам агрэсіі ў чыстым выглядзе і відавочным парушэннем Статута ААН. Гэтая вайна не з'яўляецца «толькі еўрапейскай праблемай», гаворка не ідзе таксама пра «Захад супраць астатніх». Гаворка ідзе пра тое, у якім свеце мы ўсе хочам жыць: ніхто ў свеце не знаходзіцца ў бяспецы, калі незаконнае прымяненне сілы – ядзернай дзяржавай і пастаянным членам Савета Бяспекі – будзе нейкім чынам «нармалізавана». Вось чаму міжнароднае права павінна выконвацца ўсюды, каб абараніць усіх ад палітыкі сілы, шантажу і ваеннай агрэсіі.

Прайшоў год, і існуе рызыка таго, што людзі прызвычаяцца да выяваў ваенных злачынстваў і зверстваў, якія яны бачаць, – таму што іх так шмат; што словы, якія мы выкарыстоўваем, пачнуць губляць сваю значнасць – таму што мы вымушаны іх так часта паўтараць; што мы стомімся і аслабім сваю рашучасць – таму што час ідзе, а задача, якую трэба вырашыць, цяжкая.

Гэта непрымальна. Таму што Расія кожны дзень парушае Cтатут ААН, ствараючы сваёй імпэрыялістычнай палітыкай небяспечны прэцэдэнт для ўсяго свету. Кожны дзень Расія працягвае забіваць нявінных украінскіх жанчын, мужчын і дзяцей, дажджом абрынаючы свае ракеты на гарады і грамадзянскую інфраструктуру. Кожны дзень Расія распаўсюджвае хлусню і выдумкі.

Для Еўрапейскага саюза і нашых партнёраў няма альтэрнатывы захаванню курсу на рэалізацыю нашай «трайной стратэгіі»: падтрымкі Украіны, аказання ціску на Расію, каб яна спыніла сваю незаконную агрэсію, і дапамогі астатняму свету ў ліквідацыі наступстваў.

Гэтым мы займаемся ўжо год – і паспяхова. Мы ўвялі беспрэцэдэнтныя санкцыі, скарацілі сваю залежнасць ад расійскага выкапнёвага паліва і ў шчыльным супрацоўніцтве з ключавымі партнёрамі зменшылі на 50 працэнтаў даходы ад энергіі, якія Крэмль атрымлівае для фінансавання сваёй агрэсіі. Сумеснымі намаганнямі мы таксама змякчылі глабальныя наступствы, дасягнуўшы зніжэння цэн на прадукты харчавання і энерганосьбіты, у тым ліку дзякуючы нашым Палосам салідарнасці і Чарнаморскай збожжавай ініцыятыве.

Недастаткова сказаць, што мы хочам, каб Украіна магла абараніць сябе – ёй патрэбны сродкі для гэтага. Таму, упершыню ў гісторыі, ЕС паставіў зброю краіне, якая падвяргаецца агрэсіі. Сапраўды, ЕС зараз выконвае вядучую ролю ў прадастаўленні ваеннай падрыхтоўкі ўкраінскім ваеннаслужачым, каб яны маглі абараняць сваю краіну. Мы таксама прадастаўляем значную макрафінансавую і гуманітарную дапамогу для падтрымкі ўкраінскага народа. І мы вырашылі станоўча адказаць на запыт Украіны аб уступленні ў ЕС. Нарэшце, мы працуем над тым, каб ваенныя злачынствы, якія здзейсніла Расія, былі пакараны.

Украіна прадэманстравала неверагодную ўстойлівасць, часткова дзякуючы гэтай падтрымцы. А Расія стала больш ізаляванай дзякуючы глабальным санкцыям і міжнароднаму асуджэнню з боку пераважнай большасці дзяржаў у Генеральнай Асамблеі ААН. Нашай супольнай мэтай ёсць і застаецца дэмакратычная Украіна, якая перамагае, выціскаючы захопнікаў, аднаўляючы свой поўны суверэнітэт і разам з тым аднаўляючы міжнародную законнасць.

Найперш мы хочам міру ва Украіне, усёабдымнага і трывалага міру, які адпавядае Статуту ААН і міжнароднаму праву. Падтрымка Украіны і праца на карысць міру ідуць рука аб руку.

Агрэсіўны рэвізіянізм Расіі і яе больш шырокія дэстабілізуючыя дзеянні з'яўляюцца глабальнай пагрозай, якая закранае Заходнія Балканы і краіны Усходняга партнёрства. Мы бачылі вынікі ўздзеяння расійскай прапагандысцкай машыны, якая спрабуе разварушыць спадчыну мінулага, і мы бачым самыя маштабныя намаганні па маніпуляванні інфармацыяй і замежным умяшанні. Вось чаму ЕС працуе з партнёрамі, у прыватнасці з нашымі будучымі краінамі-членамі, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе. Ключавым элементам гэтага таксама з'яўляецца падтрымка свабоды СМІ і палітычнага плюралізму. Мы таксама павялічваем нашу падтрымку намаганням па ўрэгуляванні канфліктаў на Паўднёвым Каўказе.

У больш шырокім сэнсе расійскае ўварванне яшчэ раз падкрэсліла, што краіны і людзі павінны быць свабоднымі ў вызначэнні сваёй будучыні. ЕС даў зразумець, што мы гатовы задаволіць жаданне нашых партнёраў і інтэграваць Заходнія Балканы, Украіну, Малдову і Грузію ў наш Саюз, і мы ўпарта працуем над тым, каб зрабіць гэтую мэту рэальнасцю. Гэта мае на ўвазе сумесную працу для пабудовы больш устойлівых і інклюзіўных грамадстваў і эканомік, развіцця і абароны нашых дэмакратый і ўмацавання сацыяльнай згуртаванасці.

Гісторыя і справядлівасць на баку Украіны. Але каб паскорыць бег гісторыі і дасягнуць справядлівасці, нам трэба ўзмацніць нашу «трайную стратэгію». Мы ведаем, што гэта калектыўная задача. Вось чаму ЕС разлічвае, што ўсе яго партнёры будуць дзейнічаць у духу сумеснай адказнасці і салідарнасці, каб забяспечыць паразу агрэсіі і перамогу міжнароднага права.