Дзень правоў чалавека: заява Высокага прадстаўніка ЕС ад імя Еўрапейскага саюза

Кожную раніцу па ўсім свеце здзяйсняюцца мільёны маленькіх, незаўважных учынкаў, якія ціха падтрымліваюць чалавечую годнасць. Дзяўчынка, якая з упэўненасцю ідзе ў школу, таму што супольнасць, у якой яна жыве, абараняе яе бяспеку; студэнт, які працягвае вучыцца, нават калі гэта не вітаецца ці забаронена; ахвяра, якая выступае супраць гвалту і знаходзіць падтрымку; журналіст, які рызыкуе сваім жыццём, каб расказаць праўду. Гэта не маштабныя дзеянні - гэта паўсядзённы выбар, які часта робіцца ва ўмовах страху або нявызначанасці. Гэты штодзённы выбар умацоўвае нашу агульную адданасць правам чалавека. 

Правы чалавека - гэта не толькі юрыдычныя абавязацельствы, замацаваныя ў міжнародных канвенцыях. Правы чалавека - гэта тое, што мы пражываем, адчуваем. Яны часта аказваюцца пад пагрозай у паўсядзённым жыцці: у класах, на працоўных месцах, у дзяржаўных установах і ў анлайн-прасторы. Яны абараняюць тое, як мы выказваемся, вызнаем сваю веру, арганізуем сваё жыццё, любім і ўдзельнічаем у жыцці нашых супольнасцяў кожны дзень. Правы чалавека належаць усім і ўсюды. 

Мы ўсе сутыкаемся з ростам ціску – праз дэзінфармацыю і эрозію дэмакратыі, праз дыскрымінацыю, няроўнасць і жахлівыя наступствы вайны. У шматлікіх частках свету, у тым ліку ва Украіне ды іншых краінах еўрапейскага суседства, мільёны грамадзян намагаюцца выжыць ва ўмовах агрэсіі. 

У такія моманты абяцанне «правоў чалавека кожны дзень» робіцца яшчэ важнейшым. Яно нагадвае нам, што правы ня могуць існаваць самі па сабе; яны патрабуюць няспыннай увагі, мужнасці, салідарнасці і падтрымкі. 

Абарона правоў чалавека - гэта абавязак усіх дзяржаў, які дазваляе кожнаму з нас карыстацца гэтымі правамі, калі мы здзяйсняем нейкія дзеянні, прымаем рашэнні і праяўляем павагу да іншых людзей. 

У гэты Дзень правоў чалавека ЕС зноў заяўляе аб сваёй цвёрдай прыхільнасці абароне правоў чалавека як унутры сваіх межаў, так і за мяжой, а таксама забеспячэнню міру, праўды, справядлівасці ды падсправаздачнасці. Ён нагадвае, што нязменна падтрымлівае ААН, Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека і ўсіх сваіх партнёраў па ўсім свеце ў закліку да ўсіх дзяржаў выконваць свае абавязацельствы ў сферы правоў чалавека. Сёлета адзначаецца 25-я гадавіна прыняцця Хартыі ЕС аб ​​асноўных правах. 

Сёння мы ўшаноўваем незлічоную колькасць людзей, чые паўсядзённыя дзеянні робяць гэтыя правы рэальнасцю. Іх гісторыі нагадваюць нам, што прагрэс дасягаецца не толькі ў залах судоў ці парламентах - ён дасягаецца, калі звычайныя людзі выбіраюць эмпатыю замест абыякавасці, справядлівасць замест выгодаў, мужнасць замест маўчання і годнасць замест падзелу. 

Давайце шанаваць унівэрсальныя правы, якія абараняюць нас, і адстойваць правы, якія абараняюць іншых. І давайце працягнем будаваць свет, у якім правы чалавека ўвасабляюцца ў жыццё кожны дзень і для ўсіх людзей.