Дзень правоў чалавека: заява Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля ад імя Еўрапейскага саюза

У Дзень правоў чалавека Еўрапейскі саюз далучаецца да ўсяго свету ў святкаванні 75-годдзя прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ). Гэты знакавы дакумент заклаў падмурак нашай глабальнай сістэмы правоў чалавека, а таксама нацыянальнага заканадаўства і міжнародных дамоваў, якія абараняюць і прасоўваюць правы чалавека, у тым ліку Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (ЕКПЧ) у Еўропе. Сёння ён застаецца настолькі ж сапраўдным і прынцыпова важным, як і 75 гадоў таму.

Правы чалавека пераўзыходзяць межы і культуры. Яны ўласцівы кожнаму асобнаму чалавеку без адрознення. Нягледзячы на тое, што за апошнія 75 гадоў быў дасягнуты значны прагрэс, крызісы працягваюць множыцца, і занадта часта менавіта жанчыны, дзеці і асобы, якія знаходзяцца ў неабароненым становішчы, нясуць на сабе самы вялікі цяжар наступстваў вайны і канфліктаў.

Павага, абарона і рэалізацыя правоў чалавека неабходны для ўмацавання справядлівасці і падсправаздачнасці, а таксама для спынення беспакаранасці. Гэта адна з асноватворных каштоўнасцяў і прынцыпаў ЕС. Прасоўванне ўсеагульнай павагі правоў чалавека таксама з'яўляецца ключавым прыярытэтам знешняй дзейнасці ЕС, якому мы цвёрда адданыя. ЕС таксама працягне асуджаць парушэнні правоў чалавека, парушэнні міжнароднага гуманітарнага права, дыскрымінацыю, звужэнне грамадзянскай прасторы і атакі на дэмакратыю і свабоду СМІ, дзе б яны ні адбываліся.

Разам з 75-годдзем УДПЧ мы таксама адзначаем 30-годдзе Венскай дэкларацыі і Праграмы дзеянняў і 25-годдзе Дэкларацыі аб праваабаронцах, прызнаючы іх прынцыпова важную ролю як суб’ектаў пазітыўных змен, якія працуюць на прасоўванне і рэалізацыю правоў чалавека. УДПЧ з'яўляецца больш актуальнай, чым калі-небудзь, даючы нам добры старт на наступныя 75 гадоў і надалей, у той час як мы прымяняем яе прынцыпы перад абліччам сучасных выклікаў у нашым усе больш лічбавым свеце, які ўжо змагаецца з наступствамі змены клімату.

Наш калектыўны абавязак – падтрымліваць і прасоўваць правы кожнага чалавека на зямным шары. Адзначаючы гэту знакавую падзею, Еўрапейскі саюз зноў пацвярджае сваю прыхільнасць Статуту ААН, выступаючы разам з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і Упраўленнем Вярхоўнага камісара па правах чалавека, а таксама з усімі шматбаковымі і рэгіянальнымі арганізацыямі ў прасоўванні поўнай рэалізацыі правоў чалавека ва ўсім свеце. У адпаведнасці са сваёй мэтай недапушчэння таго, каб хтосьці застаўся без увагі, ЕС таксама пацвярджае сваю прыхільнасць прасоўванню заснаванага на правах чалавека падыходу да супрацоўніцтва ў галіне развіцця.

Правы чалавека – гэта не проста словы на паперы, гэта агульнапрымяняльныя прававыя нормы. Яны з'яўляюцца асновай міру і шляхам да больш справядлівага, роўнага і інклюзіўнага грамадства сёння, заўтра і на будучыя пакаленні.

Source: https://www.consilium.europa.eu/en/press/press-releases/2023/12/09/human-rights-day-statement-by-the-high-representative-on-behalf-of-the-european-union/