ЕС прапанаваў занесці ў чорны спіс транспартных аператараў, якія прымаюць удзел у садзейнічанні кантрабандзе альбо гандлі людзьмі
У рамках адзінага адказу Еўрапейскага саюза на інструменталізацыю людзей на знешняй мяжы ЕС з Беларуссю, якая спансуецца дзяржавай, Камісія і Высокі прадстаўнік прапануюць сёння меры па прадухіленні і абмежаванні дзейнасці транспартных аператараў, якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе альбо гандлі людзьмі ў ЕС альбо садзейнічаюць ім. Гэта дадасць новы інструмент у набор сродкаў ЕС для падтрымкі дзяржаў-членаў, якія пацярпелі ад такіх гібрыдных атак. Іншыя формы падтрымкі, у прыватнасці гуманітарная дапамога, павінны суправаджаць любыя меры, якія прымаюцца пры выкарыстанні гэтага інструмента.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла: «Спробы дэстабілізаваць ЕС шляхам інструменталізацыі людзей не прынясуць вынікаў. ЕС захоўвае адзінства і прадпрымае розныя дзеянні для вырашэння сітуацыі на знешніх межах ЕС з Беларуссю. Сёння мы прадстаўляем новую прапанову аб унясенні ў чорны спіс транспартных аператараў, якія займаюцца кантрабандай альбо гандлем людзьмі ў ЕС, аб чым я ўпершыню аб'явіла два тыдні таму. Мы ніколі не прымем эксплуатацыю людзей у палітычных мэтах».
Мэтавыя меры ў дачыненні да транспартных аператараў, якія спрыяюць кантрабандзе альбо ўдзельнічаюць у ёй
Нядаўнія падзеі на мяжы ЕС з Беларуссю не маглі б адбыцца без удзелу пэўных транспартных аператараў, якія свядома ці неўсвядомлена аказалі садзейнічанне ў эксплуатацыі людзей, што прынесла велізарную шкоду з гуманітарнай пункту гледжання і дорага абышлося для бяспекі на знешніх межах ЕС і стабільнасці ў рэгіёне.
Каб гарантаваць наяўнасць у ЕС адпаведных інструментаў для барацьбы з інструменталізацыі людзей у палітычных мэтах, Камісія прапануе новую прававую базу, якая дазваляе ЕС прымаць мэтавыя меры супраць аператараў любога віду транспарту (наземнага, паветранага, унутранага воднага і марскога), якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе або гандлі людзьмі у ЕС ці спрыяюць ім. Меры будуць прапарцыйнымі і будуць вызначацца ў індывідуальным парадку. Сярод магчымых мер можа быць абмежаванне аперацый на рынку Саюза, прыпыненне дзеяння ліцэнзій альбо дазволаў, прыпыненне правоў на дазапраўку альбо выкананне тэхнічнага абслугоўвання ў межах ЕС, а таксама забарона на транзіт альбо палёты над ЕС, выкананне тэхнічных прыпынкаў альбо заходы ў парты ЕС.
Дыпламатычныя і знешнія дзеянні
15 лістапада Савет па замежных справах ЕС прыняў рашэнне пашырыць санкцыйных рэжым ЕС у дачыненні да Беларусі з мэтай уздзеяння на фізічныя і юрыдычныя асобы, якія з'яўляюцца арганізатарамі альбо ўдзельнікамі інструменталізацыі людзей, у тым ліку авіякампаніі, турыстычныя агенцтвы і іншыя пасярэднікі. Было дасягнута палітычнае пагадненне па пятым пакеце санкцый, выкліканых сітуацыяй на мяжы, гандлем людзьмі і рэпрэсіям у Беларусі, якія працягваюцца. Гэта адбываецца ўслед за рашэннем ЕС ад 9 лiстапада 2021 года аб частковым прыпыненні дзеяння Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю, а менавіта тых палажэнняў, якія распаўсюджваюць яго перавагі на ўрадавых чыноўнікаў Беларусі.
З самага пачатку крызісу ЕС выбудоўвае глабальную кааліцыю супраць нядобрасумленнай практыкі інструменталізацыі людзей, кіруючыся падыходам TeamEurope, выкарыстоўваючы аб'яднаныя дыпламатычныя намаганні дзяржаў-членаў і ЕС, у тым ліку візіты Высокага прадстаўніка і намесніка Старшыні Еўрапейскай камісіі Барэля. У апошнія тыдні намеснік Старшыні Схінас ў каардынацыі з Высокім прадстаўніком і намеснікам Старшыні Еўрапейскай камісіі Барэлем наведваў асноўныя краіны паходжання і транзіту, каб прасіць іх прыняць меры для прадухілення заваблівання сваіх грамадзян у пастку, расстаўленую беларускімі ўладамі. Настойлівыя дзеянні ЕС прывялі да вынікаў. Шэраг краін паходжання і транзіту прыпынілі палёты ў Беларусь і зрабілі больш жорсткімі праверку пасажыраў у аэрапортах. Па выніках перамоваў паміж Высокім прадстаўніком Барэлем з міністрам замежных спраў Беларусі Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Камісія ўступілі ў тэхнічныя перамовы з установамі ААН (УВКБ ААН і МАМ) і беларускімі калегамі на працоўным узроўні для садзейнічання рэпатрыяцыі мігрантаў з тэрыторыі Беларусі.
Многія з людзей, якіх беларускі рэжым эксплуатуе ў гэтым крызісе, – іракцы. ЕС інтэнсіўна супрацоўнічае з Іракам. Прамыя рэйсы з Багдада ў Беларусь былі прыпынены ў жніўні, пасля гэтага былі спынены рэйсы з Эрбіля транзітам праз трэція краіны ў Беларусь. Ірак арганізуе рэйсы для рэпатрыяцыі іракцаў пры падтрымцы ЕС і пры прадугледжанай у будучыні далейшай фінансавай дапамозе для рэінтэграцыі ў Іраку.
Маніпуляцыя інфармацыяй – гэта ключавы інструмент, які выкарыстоўваецца для падману людзей, стварэння ілжывых чаканняў і ў выніку для іх інструменталізацыі. Сітуацыя была выкарыстаная рознымі гульцамі, якія арганізавалі шырокамаштабную кампанію дэзінфармацыі для дыскрэдытацыі міжнароднай рэпутацыі ЕС. Еўрапейская служба знешніх дзеянняў зрабіла захады па супрацьдзеянні ілжывай і зманлівай інфармацыі ў сетцы інтэрнэт і з дапамогай мэтанакіраванай камунікацыйнай дзейнасці прадстаўніцтваў ЕС у краінах паходжання большасці людзей, завабленых у Беларусь.
Павелічэнне гуманітарнай дапамогі
ЕС выдзеліў 700 000 еўра на аказанне гуманітарнай дапамогі ўразлівым бежанцам і мігрантам, якія апынуліся ў гаротным становішчы ў Беларусі, на межах і ўнутры краіны, з якіх 200 000 еўра неадкладна пойдуць на падтрымку Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФЧКП) у рамках агульнага ўкладу ЕС у Надзвычайны фонд дапамогі пры бедствах, якім кіруе МФЧКП. Гэтай непасрэднай фінансавай дапамогай ЕС акажа падтрымку МФЧКП і яе нацыянальнаму таварыству, Беларускаму Таварыству Чырвонага Крыжа, у прадастаўленні такой неабходнай гуманітарнай дапамогі, уключаючы прадукты харчавання, гігіенічныя наборы, коўдры і аптэчкі першай дапамогі. Дадатковыя 500 000 еўра мабілізаваны на прадастаўленне далейшай гуманітарнай дапамогі, якая будзе рэалізавана партнёрскімі арганізацыямі ЕС на месцы.
Еўрапейская камісія гатовая даць дадатковае гуманітарнае фінансаванне ў адказ на дакладна вызначаныя гуманітарныя патрэбы пры ўмове далейшага паляпшэння доступу для гуманітарных партнёрскіх арганізацый у Беларусі. Уся гуманітарная дапамога ЕС заснавана на міжнародных гуманітарных прынцыпах.
Падтрымка для кіравання мяжой і міграцыяй
З самага пачатку крызісу ЕС аказаў непасрэдную падтрымку Латвіі, Літве і Польшчы ў кіраванні межамі ў выглядзе надзвычайнага фінансавання, накіравання экспертаў і дапамогі ў неграшовай форме з еўрапейскіх краін у рамках Механізму грамадзянскай абароны. Пасля візіту Камісара Ёхансан у Літву Камісія выдзеліла Літве 36,7 мільёна еўра са сродкаў ЕС для падтрымкі рэалізацыі працэдур прадастаўлення прытулку і стварэння ўмоў для прыёму, у тым ліку для ўразлівых асоб. Камісія каардынавала аказанне дапамогі ад 19 дзяржаў-членаў і Нарвегіі ў выглядзе палатак, ложкаў, сістэм ацяплення, электрычных генератараў, пасцельных прыналежнасцей, харчовых паек і іншай дапамогі ў натуральнай форме. Для забеспячэння высакаякаснай сітуацыйнай дасведчанасці і каардынацыі для фармавання эфектыўных мер у адказ праходзяць штотыднёвыя сустрэчы Сеткі падрыхтаванасці да міграцыі і кіравання крызісамі (Blueprint Network). З ліпеня таксама задзейнічаны ўстановы ўнутраных спраў ЕС, прадстаўнікі якіх прысутнічаюць у трох дзяржавах-членах і размясцілі абсталяванне ў Літве і Латвіі.
Камісія вядзе дыялог з Латвіяй, Літвой і Польшчай аб фінансавых і аперацыйных патрэбах і выдзяляе дадатковыя 200 мільёнаў еўра на кіраванне граніцамі. Далейшая падтрымка з боку агенцтваў можа ўключаць прыняцце хуткіх мер на мяжы і (альбо) мер па вяртанні з боку Frontex і дапамогу ў кіраванні міграцыяй і арганізацыі належнага прыёму з боку Еўрапейскага бюро па аказанні падтрымкі тым, хто просіць прытулку.
Камісія, Frontex і МАМ працуюць з Літвой над умацаваннем патэнцыялу сістэмы вяртання шляхам абмену інструкцыямі, перадавой практыкай і тлумачальнай працы з трэцімі краінамі для падтрымкі рэадмісіі. Польшча таксама звярнулася да Frontex па дапамогу ў ажыццяўленні зваротаў. Камісія таксама прадаставіць да 3,5 мільёна еўра на падтрымку добраахвотнага вяртання з Беларусі ў краіны паходжання. Еўрапейскі цэнтр па барацьбе з незаконным увозам мігрантаў Еўрапола аказвае падтрымку крымінальным расследаванням і садзейнічае абмену інфармацыяй. Поўная рэалізацыя Плана дзеянняў ЕС па барацьбе з незаконным увозам мігрантаў (2021-2025) забяспечыць больш эфектыўны адказ на інструменталізацыю людзей у палітычных мэтах і неабходнасць кіравання знешнімі межамі ЕС у такіх сітуацыях.
Больш за тое, Камісія працуе над прапановай аб часовых мерах у галіне прадастаўлення прытулку і вяртання на падставе артыкула 78(3) Дамовы аб функцыянаванні Еўрапейскага саюза. Гэта адказ на зварот Еўрапейскага савета да Камісіі з тым, каб яна прапанавала любыя неабходныя змены ў прававой базе ЕС і канкрэтныя меры для забеспячэння неадкладнага і належнага рэагавання ў адпаведнасці з заканадаўствам ЕС і міжнароднымі абавязальніцтвамі. Гэта таксама адказ на просьбу пацярпелых краін-членаў ЕС аб магчымасці выкарыстання часовых мер для эфектыўнага вырашэння надзвычайнай міграцыйнай сітуацыі на знешніх межах ЕС.
Заявы членаў Калегіі
Высокі прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі, Намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль сказаў: «Беларускі рэжым спрабуе адцягнуць увагу ад жахлівай сітуацыі ў краіне, выкарыстоўваючы трывогу людзей і падштурхоўваючы іх да межаў ЕС. У яго нічога не атрымаецца. У адказ мы пашырылі наш рэжым санкцый і прымаем яшчэ адзін пакет мер супраць выканаўцаў гэтага гібрыднага нападу рэжыму Лукашэнкі. Разам з установамі ААН мы акажам гуманітарную дапамогу тым, хто мае патрэбу. Мы працягнем нашыя дыпламатычныя кантакты з нашымі партнёрамі. ЕС цвёрда супрацьстаіць гэтай гібрыднай атацы».
Віцэ-прэзідэнт па прасоўванні Нашага еўрапейскага ладу жыцця Маргарыціс Схінас заявіў: «Беларускі рэжым, які працуе з міжнароднымі сеткамі кантрабандыстаў, прадае звычайным людзям хлусню. Тое, што адбываецца на нашых межах, – гэта не праблема міграцыі, а праблема бяспекі. І ЕС дэманструе, што ён будзе няўмольны ў сваім адказе. Дзякуючы рашучым і ўсёабдымным дзеянням ЕС разам з нашымі партнёрамі мы пачынаем бачыць паляпшэнні. І механізм унясення ў чорны спіс, які мы прапануем сёння, з'яўляецца яшчэ адным бачным выражэннем нашай гатовасці дзейнічаць рашуча. Гэта глабальная праблема, і мы павінны выбудаваць міжнародную кааліцыю супраць выкарыстання людзей у якасці палітычных пешак».
Камісар па ўнутраных справах Ілва Ёхансан заявіла: «Каб абараніць нашыя межы і абараніць людзей, мы зачыняем неліцэнзаваную турыстычную аперацыю Лукашэнкі. Рэалістычны шлях у Еўропу – гэта пракладзеная па законе дарога, а не нерэгулярная лясная сцежка. У доўгатэрміновай перспектыве нам патрэбная справядлівая і эфектыўная еўрапейская сістэма міграцыі і прадастаўлення прытулку, здольная рэагаваць на розныя сітуацыі. Гэта падкрэслівае нашу патрэбу ў Новым пакце аб міграцыі і прытулку».
Камісар па гуманітарнай дапамозе і кіраванні крызісамі Янэз Ленарчыч сказаў: «ЕC падтрымлівае сваіх гуманітарных партнёраў, каб яны аказалі такую неабходную дапамогу людзям, якія апынуліся ў бядотным становішчы на мяжы і ў іншых частках Беларусі. Улічваючы набліжэнне зімовых халадоў, нам неабходна забяспечыць пастаянны доступ гуманітарных арганізацый з абодвух бакоў, каб яны маглі дабрацца да гэтай уразлівай групы людзей».
Камісар па транспарце Адына Валеан сказала: «Актыўны і неадкладны ўдзел, які мы назіралі з боку сусветнай авіяцыйнай супольнасці ў апошнія тыдні, паказвае, што важна актыўна прыцягваць транспартных аператараў да прадухілення і барацьбы з гэтай новай формай гібрыднай пагрозы. Наша новая прапанова па мерах супраць транспартных аператараў, якія садзейнічаюць кантрабандзе альбо ўдзельнічаюць у ёй, дасць нам магутны інструмент для прыняцця мер у сітуацыях, калі аператары імкнуцца атрымаць выгаду з эксплуатацыі людзей».
Камісар па пытаннях суседства і пашырэння Олівер Вархеі сказаў: «Інструменталізацыя тысяч мігрантаў, якая падтрымліваецца дзяржавай, і напады на ЕС і яго дзяржавы-члены недапушчальныя і павінны быць спынены. Як паказваюць нашыя сённяшнія прапановы, гэта таксама мае наступствы. Мы не прымаем шантаж з боку рэжыму Лукашэнкі. Мы будзем падтрымліваць людзей, якія павяліся на ягоныя схемы. У той самы час мы працягваем падтрымліваць народ Беларусі ў яго дэмакратычных памкненнях».
Для даведкі
Выклік кінуты ўсяму Еўрапейскаму саюзу, асабліва Літве, Польшчы і Латвіі, якія з лета сутыкнуліся з новай каварнай пагрозай у выглядзе інструменталізацыі людзей, якія знаходзяцца ў роспачы. Яна была ініцыявана і арганізавана рэжымам Лукашэнкі, які прываблівае людзей да мяжы, у супрацоўніцтве з кантрабанднымі перавозчыкамі мігрантаў і злачыннымі сеткамі.
Дзеянні Беларусі справакавалі гуманітарны крызіс. Мужчыны, жанчыны і дзеці апынуліся ў вялізным лесе пры мінусавых тэмпературах. Некалькі чалавек, у тым ліку дзеці, загінулі. Сітуацыя абвастрылася 8 лістапада, калі 2 000 чалавек захраслі на мяжы. Па выніках інтэнсіўнай дыпламатычнай працы ЕС накіраваў гуманітарную дапамогу і працуе з установамі ААН для садзейнічання эвакуацыі. Беларусь перамясціла людзей з часовага лагера на мяжы на склад, які ацяпляецца.
Дадатковая інфармацыя
Proposal to blacklist transport operators who engage in smuggling
Factsheet: Emergency EU support for migration and border management
EUvsDisinfo Reports