Еўрапейская камісія прапануе часткова прыпыніць дзеянне Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму для афіцыйных прадстаўнікоў беларускага рэжыму

29.09.2021

Сёння Еўрапейская камісія прапануе прыпыніць дзеянне некаторых артыкулаў Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Рэспублікай Беларусь. Дадзенае рашэнне прынята з прычыны спробаў беларускага рэжыму дэстабілізаваць ЕС і яго дзяржавы-члены шляхам аказання садзейнічання нерэгулярнай міграцыі ў палітычных мэтах, а таксама з прычыны рашэння ад 28 чэрвеня 2021 г. аб прыпыненні дзеяння Пагаднення аб рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю. Дадзеная прапанова нацэлена на канкрэтныя катэгорыі афіцыйных асоб, звязаных з рэжымам, і не адаб'ецца на звычайных грамадзянах Беларусі, якія працягнуць карыстацца тымі ж перавагамі Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, што і цяпер.

Пасля прыняцця Саветам ЕС частковае прыпыненне дзеяння Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе ўведзена ў дачыненні да канкрэтных палажэнняў Пагаднення. У выніку патрабаванні ў дачыненні да прадастаўлення дадатковых дакументальных доказаў мэты паездкі не будуць адменены, і сума збору за апрацоўку заяўкі на атрыманне візы не будзе зніжацца. Гэтая мера закране толькі членаў афіцыйных беларускіх дэлегацый і членаў беларускіх нацыянальных і рэгіянальных урадавых і парламенцкіх органаў, Канстытуцыйнага суда Беларусі і Вярхоўнага суда Беларусі пры выкананні імі сваіх абавязкаў.

ЕС працягне падтрымліваць народ Беларусі. Мы працягнем стаяць на баку ўсіх праваабаронцаў і выразнікаў незалежнага меркавання і ўсіх людзей, якія церпяць прыгнёт ад рэжыму.

Наступныя крокі

Савет разгледзіць прапанову Камісіі і вырашыць, ці прымаць рашэнне аб частковым прыпыненні. Адпаведныя меры ўступяць у дзеянне непасрэдна пасля прыняцця. У адпаведнасці з Артыкулам 14(5) Пагаднення Беларусь будзе праінфармавана пра рашэнне аб прыпыненні не пазней як праз 48 гадзін пасля ўступлення рашэння ў сілу.

Для даведкі

Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ўступілі ў сілу ў ліпені 2020 г. Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму рэгулюе ўзаемную выдачу віз грамадзянам ЕС і Беларусі для паездак з запланаванай працягласцю не больш за 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд. Пагадненне аб рэадмісіі ўсталёўвае працэдуры бяспечнага і ўпарадкаванага вяртання асоб, нерэгулярна прысутных у ЕС ці Беларусі, пры поўным выкананні іх правоў у рамках міжнароднага права, у прыватнасці прынцыпу недапушчальнасці прымусовага вяртання.

Рэпрэсіі супраць беларускага народа, якія працягваюцца ў дадзены момант, аднабаковае рашэнне рэжыму прыпыніць рэадмісію ў Беларусь асоб, якія не маюць права знаходзіцца ў ЕС, а таксама арганізацыя нерэгулярнай міграцыі ў ЕС сур'ёзна падрываюць гэтыя пагадненні.

Як прапісана ў Абноўленым плане дзеянняў ЕС супраць незаконнага ўвозу мігрантаў на перыяд з 2020 па 2025 г., прынятым сёння, ЕС і яго дзяржавы-члены павінны дзейнічаць сумесна пры вырашэнні сітуацый, калі людзей выкарыстоўваюць як інструмент у палітычных мэтах.

Глядзіце таксама