Пасяджэнне Савета па замежных справах: вытрымка з выказванняў Высокага Прадстаўніка Жазэпа Барэля па прыбыцці

Добрай раніцы,
Сёння на пасяджэнні Савета па замежных справах у нас ёсць тры асноўныя пытанні для нашага абмеркавання. Як вы разумееце, вельмі важнае месца ў парадку дня займае Беларусь, але таксама і Лівія, і нашы адносіны з Афрыканскім саюзам і з Афрыкай у цэлым.
Што да Беларусі, я вымушаны са шкадаваннем канстатаваць, што сітуацыя там працягвае пагаршацца з-за рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў, што ўсе могуць назіраць па кадрах тэлебачання. Я вельмі ўражаны гэтымі мірнымі пратэстамі.
Сёння мы абмяркуем, як падтрымаць насельніцтва Беларусі і як перагледзець нашы адносіны з урадам Беларусі ў абставінах, калі мы не прызнаем [Аляксандра] Лукашэнку ў якасці легітымнага прэзідэнта Беларусі.
Я рады, што мы змаглі сустрэцца са Святланай Ціханоўскай [кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня] за некалькі гадзін да пасяджэння Савета. Члены [Савета па замежных справах] мелі магчымасць сустрэцца з ёй, і яна распавяла нам пра падзеі ў Беларусі. Мы сапраўды ўражаныя мужнасцю і стойкасцю беларускага народа, асабліва беларускіх жанчын, якія праяўляюць сапраўдныя лідарскія якасці. Хачу падкрэсліць, што мы будзем падтрымліваць інклюзіўны нацыянальны дыялог і права беларускага народа на свабодныя і справядлівыя выбары.
Гэта нельга расцэньваць як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы, таму што дэмакратыя і правы чалавека ляжаць у аснове Еўрапейскага саюза.