Савет ЕС прыпыніў дзеянне палажэнняў аб спрашчэнні візавых патрабаванняў для афіцыйных асоб рэжыму ў Беларусі

09.11.2021

Савет сёння прыняў рашэнне аб частковым прыпыненні прымянення Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю. Гэтае рашэнне з'яўляецца адказам на гібрыдную атаку з боку беларускага рэжыму, якая працягваецца.

Прыпыненне распаўсюджваецца на палажэнні, якія адмяняюць патрабаванні аб дакументальным пацвярджэнні, якія рэгулююць выдачу шматразовых віз і якія змяншаюць суму збору за апрацоўку заяўкі на атрыманне візы ў дачыненні да афіцыйных асоб рэжыму ў Беларусі. Гэтае рашэнне не паўплывае на звычайных грамадзян Беларусі, якія па-ранейшаму будуць карыстацца тымі ж перавагамі Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, што і цяпер.

«Мы рашуча асуджаем і не прымаем інструменталізацыю міграцыі, якая працягваецца беларускім рэжымам. Для Беларусі недапушчальна гуляць жыццямі людзей у палітычных мэтах. Сённяшняе рашэнне яшчэ раз дэманструе нашу агульную прыхільнасць далейшаму процідзеянню гэтай гібрыднай атацы, якая працягваецца», – заявіў Алеш Хойс, міністр унутраных спраў Славеніі і старшыня Савета ЕС па ўнутраных справах.

Наступныя крокі

Цяпер дадзенае рашэнне будзе апублікавана ў Афіцыйным часопісе і набудзе моц на другі дзень пасля публікацыі. У адпаведнасці з Пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму другі бок павінен быць праінфармаваны наконт рашэння аб прыпыненні не пазней як за 48 гадзін да яго ўступлення ў сілу.

Для даведкі

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю набыло моц 1 ліпеня 2020 года адначасова з Пагадненнем аб рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю. Мэта пагаднення – спрасціць выдачу кароткатэрміновых віз і тым самым садзейнічаць пашырэнню кантактаў паміж людзьмі і абмену каштоўнасцямі і дэмакратычнымі прынцыпамі.

Пасля палітычных узрушэнняў у Беларусі і прыняцця Еўрапейскім саюзам абмежавальных мер у чэрвені 2021 года Беларусь пачала арганізоўваць пералёты і ўнутраны праезд для спрашчэння транзіту мігрантаў у бок ЕС: спачатку ў Літву, а потым у Латвію і Польшчу. Беларусь таксама аб'явіла 28 чэрвеня 2021 года, што прыпыніць дзеянне Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС.

Гэтыя дзеянні парушаюць фундаментальныя прынцыпы, якія былі асновай для заключэння Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, і супярэчаць інтарэсам ЕС.

Глядзіце таксама