Сусветны дзень свабоды друку: заява Высокага прадстаўніка ад імя Еўрапейскага саюза

«Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў i на свабоднае выражэнне iх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлiвацца сваiх перакананняў i свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных гранiц».

Абарона свабоды выказвання, замацаваная ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 75 гадоў таму, застаецца ключавым прыярытэтам дзеянняў ЕС у галіне правоў чалавека. У гэтым годзе мы далучаемся да заявы ЮНЕСКА, якая падкрэслівае, што сёння як ніколі "свабода выказвання мае прынцыповае значэнне для ўсіх іншых правоў чалавека" і ўносіць вырашальны ўклад у "Фармаванне будучыні правоў".

У той час як захаванне свабодных, незалежных і плюралістычных СМІ жыццёва важнае для пабудовы ўстойлівых і здаровых дэмакратый, свабода прэсы сёння пастаўлена на карту ў большасці частак свету. Журналісты, супрацоўнікі СМІ і ўсе тыя, хто даносіць да грамадскасці незалежную якасную інфармацыю, пралівае святло на грубыя парушэнні правоў чалавека і зверствы і прыцягвае да адказнасці тых, хто мае уладу, усё часцей сутыкаюцца з дыскрэдытацыяй, пагрозамі і нападкамі, у тым ліку праз дэзінфармацыю.

Рэпарцёры ва Украіне, якая падвяргаецца агрэсіі, журналісты ў Беларусі і Афганістане, незалежныя СМІ на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, мясцовыя журналісты ў Цэнтральнай Амерыцы, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі на Філіпінах і ў Расіі і многія іншыя супрацоўнікі СМІ ва ўсім свеце, у тым ліку ў Еўропе, працягваюць плаціць высокую цану за сваю прафесійную дзейнасць.

Жанчыны-журналісты асабліва ўразлівыя для пагроз і ўсё больш частых атак як у інтэрнэце, так і афлайн. Яны падвяргаюцца стыгматызацыі, становяцца аб'ектам сэксісцкіх выказванняў і тролінгу, якія распальваюць нянавісць, становяцца ахвярай сэксуальнага і гендарнага гвалту і нават забойстваў. 73% жанчын-журналістаў сутыкаліся з анлайн-пагрозамі, абразамі і запалохваннем падчас сваёй працы. Ніколі яшчэ столькі жанчын-журналістаў не знаходзілася ў зняволенні, як сёння.

З'яўляючыся перакананым абаронцам права на свабоду выказвання, ЕС асуджае ўсе формы пагроз і гвалту ў дачыненні да журналістаў і падтрымлівае супрацоўнікаў СМІ, якія знаходзяцца ў небяспецы, праз місіі на месцах і спецыяльныя праграмы, такія як платформа Safejournalists на Заходніх Балканах, праект «Падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі і фундаментальных свабод» у Камбоджы і праграма «Устойлівасць сродкаў масавай інфармацыі» ў Афганістане.

Паралельна з гэтым ЕС ажыццяўляе дзеянні ўнутры Саюза: супрацьдзейнічае стратэгічным судовым іскам, накіраваным супраць удзелу грамадскасці (SLAPP), рэгулюе лічбавыя паслугі і рынкі і прапануе Акт аб свабодзе медыя ў ЕС.

Адначасова з гэтым мы нарошчваем крытычна важны патэнцыял для супрацьдзеяння замежнаму маніпуляванню і ўмяшанню ў сферы інфармацыі і дапамагаем грамадзянам Еўропы павысіць сваю ўстойлівасць да дэзінфармацыі, маніпуляцый і прапаганды з дапамогай такіх ініцыятыў, як платформа EUvsDisinfo і Еўрапейская абсерваторыя лічбавых СМІ.

Абарона і прасоўванне свабоды прэсы — гэта ўніверсальная місія, якая не ведае межаў. ЕС захавае прыхільнасць да ўзаемадзеяння з урадамі, СМІ і грамадзянскай супольнасцю як на міжнародных форумах, так і на мясцовым узроўні, каб браць ініцыятыву і ўмацоўваць свабоду прэсы па ўсім свеце.