Заява ЕС з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю – 12 лістапада
Заява ЕС з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю – 12 лістапада
- У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы пацвярджаем сваю падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і выказваем сваю салідарнасць з воляй усяго беларускага народа жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне. Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, якія павінны быць праведзены без умяшання, запалохвання і страху пераследу ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
- Мы заклікаем да гэтага асабліва ў кантэксце падрыхтоўкі да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у лютым 2024 года і ў 2025 годзе. Мы заклікаем Беларусь цалкам паважаць свабоду аб'яднанняў, у тым ліку палітычных партый. Усе патэнцыйныя кандыдаты павінны мець магчымасць удзельнічаць.
- Прайшло тры гады пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. ЕС рашуча асуджае штучна створаны міграцыйны ціск на мяжы ЕС, удзел рэжыму ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і яго ўдзел у распаўсюджванні прапаганды і дэзінфармацыі. Мы таксама асуджаем любы ўдзел і дапамогу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Расіяй.
- Мы шкадуем, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца і пераслед працягваецца. Згодна з дакладам Камісара ААН па правах чалавека, у Беларусі здзяйсняліся і працягваюць здзяйсняцца сістэматычныя, шырокамаштабныя і грубыя парушэнні правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы супраць чалавечнасці. У краіне налічваецца больш за 1500 палітычных зняволеных, многія з іх падвяргаюцца катаванням, жорсткаму абыходжанню альбо ўтрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету.
- Мы асуджаем усе акты гвалту, фізічнага ці маральнага, у адносінах да грамадзянскага насельніцтва з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пераслед груп нацыянальных меншасцяў. Мы лічым, што грамадзянства і правы дэмакратычна настроеных грамадзян павінны быць абаронены, у тым ліку іх права на пражыванне. Мы паўтараем свой заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых асоб, у тым ліку палітычных зняволеных, адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі: напрыклад, Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Насты Лойка, Ігара і Дар'і Лосік і Анджэя Пачобута.
- ЕС таксама шкадуе, што Беларусь да гэтага часу прымяняе смяротную кару, якая ўяўляе сабой парушэнне неад'емнага права на жыццё і найвышэйшую ступень адмаўлення чалавечай годнасці.
- ЕС па-ранейшаму адданы пастаяннай падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл. Мы вітаем сталае супрацоўніцтва Савета Еўропы з іх прадстаўнікамі. Мы верым, што станоўчая дынаміка гэтых адносін будзе садзейнічаць захаванню дэмакратычных памкненняў у беларускім грамадстве. Мы заахвочваем Генеральнага сакратара да захавання актыўнай ролі Савета Еўропы ў гэтым пытанні.
- ЕС падтрымлівае права беларускага народа абіраць сваю ўласную будучыню і будзе працягваць выступаць адзіным голасам у падтрымку яго дэмакратычных памкненняў. Мы працягнем стаяць на баку беларускага народа ў гэтыя цяжкія часы.
- ЕС зноў пацвярджае сваю гатоўнасць працягваць сумесную працу з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ў рамках нядаўна створанай Кансультатыўнай групы, і вітае працяг працы Кантактнай групы па Беларусі ў Савеце Еўропы, а таксама Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
Да гэтай заявы далучаюцца наступныя краіны: Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Рэспубліка Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя.