Пленарнае пасяджэнне Еўрапейскага парламента, прысвечанае рэпрэсіям у Беларусі

17.02.2023
Strasbourg
EEAS Press Team

Прамова Камісара па кіраванні крызіснымі сітуацыямі Янэза Ленарчыча ад імя Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля

Спадар Старшыня, паважаныя Дэпутаты!

Я хачу падзякаваць парламенту за магчымасць яшчэ раз абмеркаваць жахлівую сітуацыю ў Беларусі.

На жаль, рэпрэсіі працягваюць узмацняцца. Цяпер налічваецца больш за 1450 палітычных зняволеных, і іх колькасць павялічваецца з кожным днём.

Нядаўна прынятае заканадаўства дае магчымасць пазбаўляць грамадзянства асоб, якія пражываюць за мяжой. У дачыненні да членаў Каардынацыйнай рады пачаліся завочныя судовыя працэсы. Нядаўна былі вынесеныя суровыя і палітычна матываваныя прысуды, напрыклад, у дачыненні да журналіста і намесніка Старшыні Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, які быў прыгавораны 8 лютага да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Алесь Бяляцкі, заснавальнік арганізацыі “Вясна”, які знаходзіцца ў турме з 2021 года, зараз на лаве падсудных, і яму пагражае ад 9 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Яго прысуд чакаецца ў бліжэйшы час. Ён прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, за што атрымаў Нобелеўскую прэмію міру 2022 года. Як сказаў з гэтай нагоды Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль, "прысваенне Нобелеўскай прэміі міру праваабаронцам – гэта знак надзеі і святло сярод цемры ўнутраных рэпрэсій у Расіі і Беларусі і незаконнай захопніцкай вайны Расіі супраць Украіны".

Еўрапейскі саюз будзе і надалей выступаць за выкананне правоў чалавека ў Беларусі. На міжнародных форумах Еўрапейскі саюз правёў тры паспяховыя рэзалюцыі ў Савеце ААН па правах чалавека, мэтай якіх з'яўляецца інфармаванне аб сітуацыі ў Беларусі і стварэнне надзейнага механізма падсправаздачнасці пры Упраўленні Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Мы ўзнімалі гэтае пытанне ў фармаце [сустрэч] па формуле Arria у Савеце Бяспекі ААН, у Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і ў Савеце Еўропы. Мы падтрымліваем як палітычна, так і фінансава Міжнародную платформу падсправаздачнасці для Беларусі, якая збірае доказы злачынстваў з мэтай прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Еўрапейскі саюз жорстка адрэагаваў на незаконныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, увёўшы жорсткія санкцыі супраць Беларусі ў адказ на парушэнні правоў чалавека і міжнародных норм, а таксама ў адказ на падтрымку Беларуссю агрэсіўнай вайны Расіі.

У той жа час мы аказалі вялікую падтрымку народу Беларусі, запланаваўшы выдзеліць на гэтыя мэты больш за 100 мільёнаў еўра.

Імкненне да свабоды і дэмакратыі, прадэманстраванае беларускім народам, з'яўляецца для нас крыніцай вялікага натхнення. Наш абавязак – працягваць падтрымліваць яго і яго імкненне да павагі правоў, вяршэнства права, свабодных і справядлівых выбараў і сапраўднай незалежнасці.

Дзякуй.

Спасылка на відэа: https://audiovisual.ec.europa.eu/en/video/I-237401

 

Заключныя выказванні 

Спадар Старшыня, паважаныя Дэпутаты!

Гэтыя дэбаты дэманструюць, што гэты парламент па-сапраўднаму рашуча выступае за жорсткую рэакцыю з боку Еўрапейскага саюза на сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, і я ўдзячны за гэтую падтрымку.

Многія з вас згадалі санкцыі, так што дазвольце мне паведаміць вам апошнюю інфармацыю.

Супраць Беларусі было ўведзена шэсць пакетаў санкцыяў, і яны ўключаюць у сябе: эмбарга на пастаўкі зброі і звязаных з ёй матэрыялаў; забарона на экспарт абсталявання для ўнутраных рэпрэсій; замарожванне актываў і забарона на паездкі ў дачыненні да 195 фізічных і 35 юрыдычных асоб, а таксама ў адносінах да яшчэ 42 высокапастаўленых вайскоўцаў і іншых прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі за іх дачыненне да расійскага ўварвання ва Украіну альбо садзейнічанне яму.

Таксама дзейнічае забарона на пралёт, узлёт і пасадку для беларускіх самалётаў, дзейнічаюць сектаральныя меры, якія абмяжоўваюць гандаль і фінансавыя паслугі.

У цяперашні час працягваецца праца па забеспячэнні ўзгаднення рэжымаў санкцыяў у дачыненні да Расеі і Беларусі, і [Еўрапейская] камісія таксама працуе над увядзеннем дадатковых санкцый у кантэксце парушэнняў правоў чалавека, санкцый, якія будуць накіраваныя ў першую чаргу супраць суддзяў і пракурораў.

У выпадку далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну будуць разгледжаны дадатковыя сферы для ўвядзення санкцыі.

Гэтыя дэбаты таксама прадэманстравалі, што нам неабходна працягваць нашу рашучую падтрымку народа Беларусі ў святле рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага насельніцтва, якія пастаянна ўзмацняюцца.

Мы будзем і надалей заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў і да спынення рэпрэсій. Улады Беларусі павінны весці сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі катэгорыямі грамадства, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Мы і надалей будзем падтрымліваць народ Беларусі.

Дзякуй.

Спасылка на відэа: https://audiovisual.ec.europa.eu/en/video/I-237403

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53